Інфляцыя ў Беларусі: чаго чакаць сёлета?


Ад больш як 16 адсоткаў у 2014 да менш за 5 адсоткаў у 2017. Афіцыйная інфляцыя ў Беларусі з кожным годам выглядае ўсё менш драматычна. Ці ёсць падставы для аптымізму сёлета?

Дваццаць чацвёрты год Лукашэнка змагаецца з ростам коштаў.

«Зніжэнне інфляцыі – для нас прыярытэтная задача» (2015 год).

«Росту коштаў не будзе. Гэта я вам гарантую» (2016 год).

«Атрымаўшы інфармацыю, праверце і здыміце камусьці галаву, калі ён неабгрунтавана задзірае кошты» (2017 год).

Ці паспяхова? Паводле афіцыйнага росту спажывецкіх коштаў сёлета ў сакавіку Беларусь заняла трэцяе з канца месца сярод постсавецкіх краінаў – з амаль адсоткавай інфляцыяй. Горш – толькі ва Украіне, Узбекістане і Латвіі.

Жыхары Менску кажуць:

«Прадукты харчавання, у першую чаргу, пасля, хіба, вопратка, дзіцячыя цацкі таксама даражэюць. Усё даражэе».

«Кожны дзень нешта даражэе. Я, напрыклад, адчуваю гэта на паліве».

«Проста торт зараз пайсці купіць за 20 рублёў – гэта ўжо лічыцца нармалёвым. Хаця, калі перавесці на старыя грошы, то раней такога не было».

«Я вось прыйшоў з арміі і пабачыў розніцу паміж тым, як было і як ёсць цяпер».

Толькі ў сакавіку падаражэлі камунальныя паслугі, вышэйшая адукацыя, праезд у цягніках рэгіянальнага спалучэння. Падскочылі кошты на паліва – чатыры разы ў мінулым месяцы і сем – цягам года. Афіцыйна за дванаццаць месяцаў інфляцыя склала 5,4 %.

«Інфляцыя, якую паказвае Белстат, – гэта агулам кошты па ўсім спектры эканомікі. Насамрэч у жыцці мы сутыкаемся з нашмат больш абмежаваным спажывецкім кошыкам, такім як ежа, вопратка, радзей машыны і ўжо зусім рэдка – нерухомасць. І акурат кошты на гародніну, на агуркі, у прыватнасці, выраслі ў параўнанні з мінулым годам у паўтара разу», – кажа эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Прынамсі публічна няма даверу афіцыйным лічбам і на самым версе. Нацыянальны банк і грамадзяне жывуць у эканамічна розных краінах – канстатуе Лукашэнка:

«Ды людзям пляваць на тое, якая ў нас у краіне інфляцыя. Яны робяць вынікі па коштах на тавары, якія набываць штодня. А там рост 8 %, нават 10 % за год. А калі паслугі сюды дадаць, то больш за 10 %. А не 4,5 % ці 6 %».

Песімістычная карціна вымалёўваецца і пры параўнанні сёлетніх і леташніх паказнікаў. У першым квартале гэтага года кошты раслі ў паўтара разу хутчэй, чым за той жа перыяд мінулага года.

«Гэта, па-першае, вынік разгону заробкаў у канцы года, калі рост рэальных заробкаў перавысіў рост прадуктыўнасці працы. Другі чыннік, які разагнаў сёлета інфляцыю, – гэта рост спажывецкага крэдытавання. Ён павялічыўся ў 1,5 разу, калі я не памыляюся, і працягвае вельмі хутка расці», – кажа эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Пра негатыўныя наступствы праз структурныя праблемы яшчэ ў мінулым годзе папярэджваў найбуйнейшы крэдытор Беларусі – Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця. Аднак, паводле планаў айчыннага рэгулятара, сёлета кошты не павінны вырасці больш як на шэсць адсоткаў.

Лола Бурыева, «Белсат»

Фота – Delfi