Зварот Лукашэнкі – лідар у тэлепраглядах?


Новы год беларусы сустрэлі з Лукашэнкам! Прынамсі гэтак рапартуе дзяржаўнае тэлебачанне. Паводле звестак, агучаных Белтэлерадыёкампаніяй, ажно 6,5 мільёна разоў прагледзелі ягоную святочную прамову. Адкуль узяліся лічбы і ці можна ім давяраць?

Зварот Аляксандра Лукашэнкі ў навагоднюю ноч паглядзелі больш за 6,5 мільёна беларусаў – заявілі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

«Давайце наступны год зробім годам народнага адзінства», – казаў у святочным віншаванні Лукашэнка.

Паводле дзяржаўнага каналу, лічбы атрыманыя ад платформы «Зала» і кампаніі «Рэальнае вымярэнне». Абедзве сістэмы паказалі прыкладна аднолькавы вынік. Доля лінейнага прагляду прамовы Лукашэнкі склала ад 70 да 78 %.

Жыхары Віцебску на гэта кажуць:

«Мы не глядзелі, мы ж дзяўчаты».

«Не, не глядзелі. Гэта можа быць фармальна: у некага тэлевізар уключаны фонам, таму лічба такая атрымліваецца».

«Глядзелі не дзеля прэзідэнта, а па традыцыі, я так думаю».

«Гэта як наказ, прыемна, што ні кажы – ён наш прэзідэнт, дзейны. Таму гэта нібы ўваходжанне ў новы год, традыцыя сямейная».

«Статыстыка – гэта такая рэч, як купальнік на прыгожай жанчыне. Усё падкрэслівае – нічога не паказвае. Таму дапускаю думку, што пры пэўным падыходзе можна прыдумаць любыя лічбы, з увагі на тое, як лічыць».

Не давярае агучаным лічбам і журналіст Анджэй Пачобут. Што ж да самога віншавання ад Лукашэнкі, новая форма звароту, на думку эксперта, нагадвала традыцыйны выбарчы ролік, калі ўлады хваляцца сваймі дасягненнямі.

«Відавочна, што гэтым займалася прэс-служба Лукашэнкі, гэтым займалася дзяржаўнае тэлебачанне. І тое, што яны ахвотна хваляцца тым, што гэта вялікае дасягненне – гэта фактычна яны хваляць сваю працу і хочуць перад Лукашэнкам паказаць, што ў іх ёсць такое дасягненне», – гаворыць Анджэй Пачобут.

Колькасць абанентаў ZALA на пачатак мінулага года складала 2,26 мільёна. Аўдыторыя ж, якую даследуе кампанія «Рэальнае вымярэнне», складае прыкладна 5,4 мільёна. Паводле якой методыкі даследнікі налічылі 6,5 мільёна тэлепраглядаў звароту – невядома, – адзначае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

«Дадзеныя ZALA і дадзеныя «Рэальнага вымярэння» немагчыма скласці. Яны паводле рознай методыкі збіраюцца, паводле рознай методыкі іх можна інтэрпрэтаваць. І таму – якім чынам гэта ўсё было зроблена як такое, матэматычныя дзеянні – я не ведаю, як яны былі зробленыя», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Добра, што гэтыя лічбы агучаныя, – дадае эксперт. Пытанне, наколькі яны адпавядаюць рэчаіснасці.

Анастасія Русецкая, belsat.eu