Журналісты за кратамі: Андрэеву і Чульцову пачнуць судзіць 9-га лютага


Спачатку незаконна арыштавалі, а цяпер будуць судзіць. Прызначылі дату судовага паседжання ў справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар‘і Чульцовай. Працэс над нашымі калегамі распачнецца 9-га лютага ў Фрунзенскім судзе сталіцы.

Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар‘ю Чульцову вінавацяць у тым, што пры дапамозе стрыму яны бралі актыўны ўдзел і ажно кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Муж Кацярыны Андрэевай журналіст Ігар Ільяш спадзяецца, што ў суддзі Наталі Багук хопіць мужнасці прыняць справядлівае рашэнне.

«Увесь свет пабачыць цемрашальніцкую абсурднасць гэтых абвінавачванняў. Безумоўна сам факт таго, што гэтая справа дайшла да суда гэта вялікая ганьба для дзяржаўнай сістэмы. Я спадзяюся, што суддзя, разумеючы ўсё гэта, знойдзе ў сабе сілы прыняць законнае рашэнне. А адзінае законнае рашэнне ў гэтай сітуацыі гэта цалкам апраўдаць Кацю і Дашу», – кажа Ігар Ільяш.

Дар‘ю Чульцову ды Кацярыны Андрэеву затрымалі 15-га лістапада, калі тыя выконвалі прафесійныя абавязкі падчас акцыі пратэсту памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

За кратамі нашыя калегі застаюцца ўжо 73 дні.

Яшчэ адзін журналіст і палітзняволены, Андрэй Аляксандраў, сёння сустракае свой 43 дзень народзінаў. Аляксандрава і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну вінавацяць у фінансаванні пратэстаў праз кампенсацыю адміністратыўных штрафаў.

«Той артыкул, што абралі Андрэю, паказвае хутчэй намер уладаў спаніць усялякую грамадзянскую актыўнасць у краіне. Я кажунават не пра палітычную, пра грамадзянскую актыўнасць, пра распаўсюд інфармацыі, пра гэтыя гарызантальныя сувязі, што з‘явіліся ў грамадстве», – упэўнены Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Сябры і калегі Аляксандрава выказваюць палітвязню словы падтрымання і спадзяюцца на хуткую сустрэчу на свабодзе.

«Я ведаю, што сядзіць за тое, што дапамагаў людзям, якія патрапілі ў бяду. Я ганаруся тым, што ён рабіў і ніколі не сумняваўся, што ён нічога дрэнага зрабіць ня можа»,- кажа даўні сябра Андрэя Аляксандрава палітык Сяргей Вазняк.

А філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч кажа:«Ён павінен ведаць, што мы з ім і ўсё, што ад нас залежыць, мы будзем рабіць, каб увогуле ніколі, ніколі больш у Беларусі не было такой з’явы, як палітычныя вязні».

Летась беларускія журналісты былі затрыманыя 480 разоў ды адбылі 12 000 дзён арыштаў. На сённяшні дзень паводле крымінальных артыкулаў за кратамі ў Беларусі застаюцца 9 прадстаўнікоў незалежных медыяў.

Алесь Баразенка, «Белсат»