«Сядзячыя пратэсты» студэнтаў


«Сядзім за тых, хто сядзіць». Пратэсты пад такім лозунгам зладзілі студэнты па ўсёй Беларусі. Яны селі на прыступкі сваіх універсітэтаў. Адныя – моўчкі, іншыя – правялі спеўную акцыю. Улады адказалі пагрозамі ды затрыманнямі.

«Мы падтрымліваем негвалтоўны прынцып і мы супраць беззаконня».

«Мы ганарымся выступаць з бел-чырвона-белым сцягам. У кожнага з нас ён ёсць. Таксама мы прынеслі белыя кветкі, каб выказаць салідарнасць з народам і каб падтрымаць тых, хто зараз на Акрэсціна», – кажуць студэнты МДЛУ.

У сталіцы ўдзел у акцыі ўзялі навучэнцы дзясятка ўніверсітэтаў, сярод якіх БДУ, БНТУ, Лінгвістычны ўніверсітэт, Педагагічны, Медычны ды іншыя. Акцыю падтрымалі таксама віцебскія і гомельскія студэнты. Праз дзіўнае супадзенне менавіта сёння ў шэрагу ВНУ адміністрацыя пастанавіла распачаць рамонты на прыступках вучэльняў. Да пратэстоўцаў сталічнага БНТУ выйшаў прадстаўнік рэктарату, а траіх студэнтаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту затрымалі міліцыянты.

Сёння ж у Менску планаваўся жаночы дэнс-пратэст у парку Горкага. Яго ўдзельніцы збіраліся гуляць і танцаваць у навушніках, прымацаваўшы на вопратку плакаты з патрабаваннямі да ўладаў. Але правядзенню акцыі перашкодзілі людзі ў балаклавах.

«Як мы бачым, што б мы ні рабілі, сілавікі, улады перашкаджаюць нам збірацца, выгукаць лозунгі, таньчыць і ўвогуле штосьці рабіць. Таму спрабуем розныя фарматы».

«У нас дзявочнік. Мы сабраліся абмеркаваць надзённыя: праблемы краіны, палізняволеных, калі іх выпусцяць, калі адкрыюць крымінальныя справы аб катаваннях, злачынствах. Тыповыя жаночыя справы вырашаем».

«Цяпер выказваць свой пункт гледжання ў нашай краіне робіцца непапулярна. Цябе проста кідаюць у аўтазак за тое, што ты не з тым сцягам выйшаў, не з тымі кветкамі. Так не павінна быць. Мы хочам гэта змяніць», – кажуць удзельніцы акцыі.

Агулам сёння па краіне прайшлі дзясяткі розных акцыяў салідарнасці.