Студэнцкі страйк у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Гэта першы падобны ўчынак у гісторыі беларускай вучэльні ў выгнанні. Студэнты незадаволеныя павышэннем коштаў навучання пры тым, што якасць адукацыі, іхным меркаваннем, пагаршаецца.
Для 80 адсоткаў студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні, кошты на адукацыю падняліся ў сярэднім на 400 еўраў на семестр.
«Гэта непрымальная сітуацыя ў ЕГУ, ува ўніверсітэце, які пазіцыянуе сабе як такі, што пакутаваў ад аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Але, як нам здаецца, кіраўніцтва ўніверсітэту звяртаецца да аўтарытарных практыкаў кіравання» – кажа прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва Цімафей Малахоўскі.
Кіраўнік аддзелу камунікацыі і развіцця ЕГУ Максімус Мілта сцвярджае, што да гэтага дыялогу яны гатовыя. Але, маўляў, абураныя студэнты да іх нават не падыходзілі:
«ЕГУ адрознівае ад іншых універсітэтаў Літвы і Беларусі каменны характар. Мы маленькі ўніверсітэт, у нас няма сакратароў, можна вольна падысці – ад дырэктара да прэзідэнта. Ад кіраўніка дэпартаменту да кіраўніка аддзелу. Але гэтага зроблена не было».
Такім чынам, на знак адсутнасці межаў між студэнтамі ды кіраўніцтвам прадстаўнік адміністрацыі нарэзаў торт з нагоды пачатку вучэбнага года ды пачаставаў ім тых студэнтаў, якія вырашылі не адстойваць сваіх правоў страйкам.
Ян Вярбіцкі belsat.eu
Фота: Ганна Русінава