Шахцёр «Беларуськалію» прыкаваў сябе кайданкамі. Чаго ён патрабуе?


Учора Юрый Корзун адзначыў 24 угодкі сваёй працы на «Беларуськаліі». А сёння – зладзіў акцыю, каб звярнуць увагу на патрабаванні працаўнікоў прадпрыемства.

«Самае асноўнае патрабаванне і самае першае – гэта патрабаванне да генеральнага дырэктара спыніць ціск на працоўны калектыў, ціск на тых людзей, якія выказваюцца супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць гвалту і беззаконня, якія цяпер адбываюцца. Далей пачалі збірацца кіраўнікі, і, калі іх сабралася каля 12 чалавек, мяне адціснулі і абрэзалі ланцуг», – кажа Юры.

У Юрыя засталіся сляды ад кайданкаў, а калі абразалі ланцуг, мужчыне стала дрэнна. На патрабаванні мужчыны кіраўніцтва «Беларуськалію» усё ж адрэагавала.

«Яны сказалі, што ніводнага з гэтых патрабаванняў ніхто тут не развяжа. Гэтыя патрабаванні можа развязаць толькі адзін чалавек. Я думаю, яны мелі на ўвазе Лукашэнку», – расказвае Юры.

Забастоўка на «Беларуськаліі» пачалася яшчэ 17 жніўня. Стачкам рэгулярна нагадвае пра сябе: шахцёры страйкавалі ды спынялі працу руднікоў, мітынгавалі ды распаўсюджвалі ўлёткі. Цяпер яны гатовыя да кардынальных захадаў.

«Мне хочацца зрабіць больш. Што датычыць галадоўкі, я гатовы на яе пайсці. Гэта была мая прапанова», – дзеліцца шахцёр і сябра стачкаму Аляксандр Новік.

У складзе стачкаму сёння 23 шахцёры, іхныя пропускі на працу заблакаваныя, ледзь не кожны атрымаў апавяшчэнне пра звальненне. Заўтра ў Менску адбудзецца суд паводле пазову «Беларуськалію» да стачкавага камітэту ў прызнанні законнасці забастоўкі.

«Мы псіхалагічна гатовыя да таго, што пачнуцца рэпрэсіі. Магчыма, нас нават пачнуць затрымліваць», – кажа сябра стачкаму Ніна Тулаева.

Сітуацыя на «Беларуськаліі» унікальная, ніводнае прадпрыемства ў нашай краіне не страйкуе гэтак актыўна, як салігорскія шахцёры. Але так ці іначай страйкі закранулі шмат працоўных калектываў.

«Выказаліся ў стыхійным пратэсце, дзесьці арганізоўваліся стачкамы… Гэта МТЗ, Горадня-Азот, Жодзіна, БелАЗ. У рознай ступені пратэсты былі ўсюды», – дзеліцца Сяргей Чаркасаў з Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Пропуск Юрыя Корзуна на прадпрыемства ўжо заблакаваны, але страта працы мужчыну не спыніла. Ён плануе працягнуць барацьбу і далучыцца да стачкавага камітэту.

Алена Дубовік, «Белсат»