2020-ы год правялі, і атрымалі страту 22,5 % моцы беларускага рубля. Гэта найгоршы дэвальвацыйны паказнік сярод краінаў постсавецкай прасторы.
Без абвалаў, панікі і чэргаў пад абменнікамі… амаль на чвэрць летась дэвальваваў беларускі рубель. Кошты – ішлі ўгару.
Менчукі сведчаць:
«Усё падаражала – усе харчы, хлеб і гэтак далей. Заробкі не выраслі ні на капейчыну, а праезд падаражэў 4 разы цягам года».
«Калі з бытавых, то хімчыстка, напрыклад, рамонт адзення – не прытуліцца, так бы мовіць».
«Усё даражэе як бы незаўважненька, паціху. Гэта такая тактыка. Мы не можам сказаць, што сёння заўважна і рэзка змяніліся кошты. Але мы можам сказаць, што ўвялі новыя падаткі».
Леташняя інфляцыя магла быць большаю, а падзенне рубля – мацнейшым. Нацыянальнаму банку ўдалося часткова стрымаць гэтыя паказнікі.
«Абвал экспарту больш чым на 15 %, вельмі дрэнная знешнеэканамічная каньюктура, складанасці ўнутры краіны і замарожванне шматлікіх актываў і капіталу вяла да таго, што магло быць значна горш. Але ж адкладзеныя пытанні застаюцца на 21 год», – кажа кіраўнік «Навукова-даследчага цэнтру Мізеса» Яраслаў Раманчук.
Сёння ў абменных пунктах долар па 2,59, еўра – па 3,19… Валюту людзі стараюцца не здаваць. Што з даверам насельніцтва да роднага рубля?
«Не дай бог – абвал. Усе гэтыя размовы, абяцанкі-цацанкі – гэта папросту ганьба, ганьба».
«Я рэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Я давяраю беларускім грошам, як у тым вершы: широка страна моя родная, много в ней лесов, полей и рек, где совсем не дышит человек».
«Калі прэзідэнт кажа, што курс не зменіцца ці што не будзе ніякага абвалу – чакай няшчасця. Таму ніякага даверу абсалютна няма».
Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч лічыць, што ўлады будуць з усіх сілаў пазбягаць абвалу ў распачатым годзе:
«Калі рубель аслабне занадта моцна, то на тыя рублі, што паступаюць у бюджэт праз падаткі не магчыма будзе сабраць дастаткова долараў для выплатаў па замежным доўгу, які ў нас вельмі высокі».
Цяпер выплаты па замежным доўгу забіраюць з бюджэту каля 10 %. Пасля рэзкай дэвальвацыі гэтыя сумы могуць вырасці нават утрая. Таму ўлады трымаюць высокімі адсоткі па дэпазітах (каб грошы захоўвалі ў банках) ды стаўкі па крэдытах для насельніцтва і прыватнікаў (каб не пазычалі).
Гэта, аднак, стрымлівае не толькі рубель, але таксама развіццё эканомікі і прыватнага сектару, то бок – б’е па падатках.
«Праз зніжэнне занятасці людзі перадусім адчуюць на сабе гэты крызіс, а дэвальвацыю ўлады будуць стрымліваць як толькі магчыма, бо ў іншым выпадку гэта будзе азначаць неадкладны дэфолт», – рэзюмуе Станіслаў Івашкевіч.
Яраслаў Раманчук падкрэслівае, што цярпяць у такой эканамічнай сістэме перадусім людзі з невялікім даходам і прыводзіць прыклад:
«Параздаюць амапаўцам крэдыты ільготныя на жытло, розныя цацкі і рэчы, а праз 10 гадоў пры дапамозе падаткаў, пры дапамозе інфляцыі і павольнай дэвальвацыі яны атрымаюць бонусы – хто $ 40 тыс, хто $ 60 тыс».
Такім чынам грошы насельніцтва будуць пераразмеркаваныя ў кішэні тых катэгорыяў, якім дзяржава забяспечвае ільготнае жыццё.
Юлія Цяльпук, «Белсат»