Беларуска-кубінскаму дызайнеру пагражае дэпартацыя, і ён шукае прававой дапамогі


Жорсткія рэпрэсіі ўладаў зазналі не толькі грамадзяне Беларусі. Ахвярамі пераследу робяцца асобы, якія жывуць тут не адзін год і маюць від на жыхарства. Гэтак, праваабарончай дапамогі шукае вядомы кубінскі дызайнер, сябра Беларускага саюзу дызайнераў Рабэрта Касануэва, якому пагражае дэпартацыя, а на Радзіме, не выключана, жорсткая расправа.

На старонцы «Фэйсбуку» дызайнера Рабэрта Касануэва – кубінскі ды бел-чырвона-белы сцяг. З відам на жыхарства кубінец жыве ў нашай краіне 30 гадоў, мае трох дзяцей і лічыць сябе беларусам. Праблемы пачаліся, калі ў аддзеле па міграцыі Фрунзенскага раёну Менску яму прапанавалі падпісаць паперу, якая, па-сутнасці, забавязала не ўдзельнічаць яго ў палітычных працэсах краіны. Але Рабэрта адмовіўся ставіць подпіс.

«Забаранялі хадзіць на мітынгі, акцыі пратэсту. Любая нязгода з дзейнаю ўладай таксама караецца. Там было напісана, што гэта можа карацца дэпартацыяй. Я перапытваў у яе: «А які крытэр зʼяўляецца фактам для дэпартацыі? Удзел у мірных мітынгах?» Яна адказала: «Так! Вы не маеце права ўдзельнічаць!» І тады я сказаў, што не згодны, таму што маю права слова», – кажа Рабэрта.

Паводле дызайнера, праз гэтую адмову яму не працягнулі віду на жыхарства. Адабралі пашпарт ды іншыя дакументы і выставілі за дзверы. Эніра Браніцкая з «Human Constanta» адзначае:

«Гэта парушэнне з боку нашых міграцыйных органаў, бо пакіданне яго без дакументаў прыводзіць да таго, што ён парушае яшчэ адно нацыянальнае заканадаўства: ён не мае права заставацца ў нас без дакументаў. Аднак гэта зрабіў менавіта беларускі бок. Яны яго паставілі яшчэ ў больш уразлівае становішча, бо ён застаўся без дакументаў».

Падчас выбараў у гэткай сітуацыі апынуліся яшчэ прынамсі дзесяць замежнікаў. Некаторых затрымлівалі проста на вуліцы без усялякай прычыны, як і студэнта Уладзіслава Клаўкіна, які выходзіў з дому. Стала вядома, што ўпраўленне ўнутраных справаў Фрунзенскага раёну дэпартуе маладзёна і забараняе ўезд на 10 гадоў. Сям’я студэнта даўно жыве ў Беларусі. Эніра Браніцкая:

«Прымаючы гэтае рашэнне, беларускія органы не бяруць да ўвагі сувязь чалавека з Беларуссю, пра што кажуць міжнародныя стандарты. Напрыклад, ёсць права на сямʼю. У некаторых гэтых людзей ёсць сем’і – беларускія грамадзяне. Гэта не ўлічваецца як змякчальныя абставіны. Няма права на абарону інтарэсаў дзіцяці. Фактычна, беларускія ўлады могуць разлучыць бацьку ці маці з дзіцём».

З краіны выціскаюць нават не зважаючы на духоўны сан. Гэтак, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, а ён – грамадзянін нашае краіны! Падчас імшы метрапаліт выказваўся пра неабходнасць сумленных і справядлівых выбараў. Наведнікаў Чырвонага касцёлу і ўдзельнікаў мірных акцыяў ля яго жорстка затрымлівалі ды збівалі сілавікі.

У той жа час, падобна да таго, што ўлады Беларусі зацікаўленыя і ў тым, каб жыхары з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй зʼязджалі з краіны. Гэтак, за апошні час ужо блізу двухсот чалавек бесперашкодна скарысталіся гуманітарным калідорам, створаным суседнімі краінамі, і мінулі мяжу Беларусі.

Таленавіты і вядомы ў творчых колах Рабэрта Касануэва не хоча зʼязджаць з Беларусі. Тут ягоны дом, дзеці ды праца. А ў камуністычнай Кубе, перакананы Рабэрта, яго чакае жорсткая расправа.

Таццяна Уласенка, «Белсат»