Мабільны тэлефон, некалькі касцюмаў і парыкоў – жыхарка Адэсы стварыла монасерыял для папулярнай сярод моладзі сацыяльнай сеткі «Тык-Ток». Звычайна карыстальнікі загружаюць туды забаўляльны кантэнт. Некаторыя выкарыстоўваюць платформу ў адукацыйных мэтах. Сярод іх – Аліна Аліева. У сваім профілі яна распавядае падпісантам пра Галадамор ва Украіне ў 30-я гады.
«Я падумала, што можа быць цікава іншым таксама пра гэта даведацца, і мяне здзівіла, што шмат хто ня ведаў! Шмат хто пісаў: «А што такое Галадамор? А я думаў, гэта князь нейкі!», – кажа блогерка Аліна Аліева.
Галадамор – такую назву атрымала палітыка ўладаў СССР і яе наступствы ў 30-я гады мінулага стагоддзя, пры якой у сялянаў адбіралі ўраджай – у лік дзяржаўных паставак. Пры гэтым не пакідаючы людзям харчоў і збожжа, нават каб выжыць.
Ва Украіне яго лічаць генацыдам свайго народу. Падзеі тых часоў забралі жыцці прынамсі трох мільёнаў дзевяцісот тысяч жыхароў краіны. Пры гэтым агулам ахвяраў у СССР – каля сямі мільёнаў. На думку ўкраінскіх гісторыкаў, ва Украінскай ССР Галадамор выклікалі мэтанакіравана, каб здушыць украінскі нацыянальна-вызваленчы рух і фізічна знішчыць частку сялянаў. У нашай гістарыяграфіі пра Галадамор практычна ня згадваюць, хаця паводле розных ацэнак, у 1932–1934 гадах ва Усходняй Беларусі ад голаду загінулі блізу трохсот тысячаў чалавек.
На тэматычны блог Аліну Аліеву натхніў дзённік прабабулі. У ім жанчына дзялілася ўспамінамі пра дзяцінства. Яно прайшло ў расейскім дзіцячым доме Уладзівастоку. Голад і жабрацтва штодня забіралі жыцці дзяцей.
«Удзень яна магла гуляць з хлопчыкам, а ўвечары яго ўжо не было ў жывых. Яна таксама ледзь не памерла. Яе ўратаваў дворнік, – даў акрайчык хлеба, нацёртага часныком», – дадае Аліна Аліева.
На думку блогеркі, паміж голадам у Расеі і Украіне была істотная розніца. Яна вывучала архіўныя ўспаміны ахвяраў украінскага Галадамору, якія таксама экранізаваныя ў тык-ток-серыяле.
«Я думаю, што голад быў паўсюль. Але ў людзей штосьці, нейкія крышкі заставаліся. Але адрозненне ў тым, што ва Украіне ежу маглі забіраць», – лічыць Аліна Аліева.
Серыял паглядзелі звыш мільёна чалавек. У Аліны – некалькі соцень тысяч падпісантаў. Рэакцыя гледачоў пераважна пазітыўная. Але ёсць і тыя, каму кантэнт не падабаецца.
«Не Галадамор, а голад».
«Нікога не марылі! Пачытайце рэальныя дакументы!»
«Галоўнае, каб цяперашнія падзеі да гэтага не прывялі».
«Я сытая, у мяне ўсё ёсць, але чаму, калі бачу такое, плачу?», – пішуць гледачы ў Тык-Токе.
«Вельмі шмат я чытаю пра тое, што людзі пераацанілі сваё жыццё. Пачалі цаніць тое, што яны маюць. Пачалі цаніць крошкі хлеба, якія мы сёння ўжо выкідаем! Тады цанілася кожная крошка», – кажа Аліна Аліева.
Аліна выхоўвае дваіх дзяцей. Спадзяецца прывіць ім агульначалавечыя каштоўнасці. Такую ж самую мэту ставіць для сябе і ў творчасці.
«Мой серыял дакладна не пра тое, каб нехта некага абразіў! Ён пра сяброўства, пра тое, як трэба цаніць тое, што мы маем, і памяць пры тых людзей, якія гэта перажылі», – кажа Аліна Аліева.
Ва Украіне памяць ахвяраў Галадамору на афіцыйным узроўні пачалі ўшаноўваць дзякуючы намаганням прэзідэнта Віктара Юшчанкі ў з 2006-га года.
Усевалад Ананьеў, «Белсат»