Вучыў іншых, але і сам вучыўся ўсё жыццё. І дасягнуў… космасу! Барыс Кіт – беларус, які зрабіў так шмат і пра якога мы ведаем так мала.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«У Беларусі шмат распрацоўшчыкаў тэхнічных, вельмі дасведчаных, але, як я магу паглядзець, яны найчасцей прымаюць на сябе імперскасць, расейскія нейкія абалонкі. Што Навіцкі, што Сухі. Барыс Кіт наадварот увесь час казаў, ён крычаў на ўвесь свет: Я – беларус! Мы – лепшыя!», – зазначае навуковец Сяргей Бесараб.
Пачынаў Барыс Кіт свой прафесійны шлях у міжваеннай Польшчы, быў выкладчыкам матэматыкі і дырэктарам у легендарнай Віленскай гімназіі.
«Функцыя гэтых установаў была – падрыхтоўка беларускай эліты, беларускіх кадраў для розных сфераў жыцця і гаспадаркі. Тое, што ў прынцыпе ўвесь беларускі рух ставіў сабе задачу ўвесь гэты міжваенны час», – кажа гісторык Аляксандр Пашкевіч.
Пасля прыходу Саветаў Барыс Кіт працягвае выкладаць, займаецца арганізацыяй беларускіх школаў. У часы нямецкай акупацыі быў дырэктарам настаўніцкіх семінарыяў. Яго арыштавалі, ледзь удалося пазбегчы расстрэлу.
А з наступленнем Чырвонай арміі Барыс Кіт разам са многімі дзеячамі беларускае культуры і навукі з’язджае: спачатку ў Нямеччыну, пасля – у ЗША.
«Ён быў дастаткова добрым спецыялістам для таго, каб ужо, прыехаўшы ў новую для сябе сітуацыю, у новае асяроддзе, уліцца ў гэтае навуковае асяроддзе, атрымаць пасаду ў прэстыжных навуковых установах», – мяркуе Аляксандр Пашкевіч.
У Амерыцы Барыс Кіт распрацаваў формулу ракетнага паліва на аснове вадкага вадароду. Дзякуючы ў тым ліку ягоным даследаванням адбылася высадка чалавека на Месяц. Навуковец таксама займаўся распрацоўкаю перадачы дадзеных на адлегласць, паміж Зямлёю і Месяцам.
«Гэта вось галоўная ягоная праца, вынікам якой быў выпушчаны падручнік па ракетных палівах, які стаў настольнай кнігай для многіх пакаленняў навукоўцаў, адмыслоўцаў, як, дарэчы, амерыканскіх, так і расейскіх», – гаворыць Сяргей Бесараб.
Аднак ува ўладаў сённяшняй Беларусі імя Барыса Кіта не ў пашане. Летась тагачасны кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергеенка назваў выбітнага навукоўца калабарантам.
«Калі я чую слова «калабарант», я хачу запытацца: А хто пасля таго, як цягам некалькіх тыдняў чырвоная армія ў 41 годзе пакінула 10-мільённы народ Беларусі немцам, хто павінны быў пячы хлеб, лячыць людзей, вучыць дзяцей? Хто?», – задаецца пытаннем намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык.
Барыс Кіт пражыў не толькі цікавае і насычанае яскравымі падзеямі жыццё. Яно было даўгім. Памёр вялікі беларус на сто восьмым годзе. У спадчыну чалавецтву пакінуў – космас і шлях да далёкіх зораў.
Алесь Яшчанка, «Белсат»