Расейская нафта – не вышэй як $60 за барэль


З пачатку наступнага тыдня набывае моц забарона на паслугі, звязаныя з марскімі перавозамі расейскай сырой нафты. Забароненым будзе і марское страхаванне, і гандлёвае фінансаванне такіх перавозаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выключэнне толькі адно: калі пакупнікі будуць набываць расейскую нафту па кошце, не вышэйшым за шэсцьдзесят долараў за барэль. Паводле расейскага апазіцыйнага палітыка Гары Каспарава:

«Важна, што Захад шукае спосабы абмежаваць эканамічныя магчымасці пуцінскага рэжыму для працягу вайны. Той факт, што яны ўжо пачалі займацца нафтай і газам, азначае, што за 9 з лішнім месяцаў вайны Захад прыйшоў да высновы, што Пуціна трэба пазбавіць усіх крыніцаў фінансавання».

Адметна, што самую катэгарычную пазіцыю ў абмеркаванні столі коштаў на расейскую нафту займалі краіны Балтыі ды Польшча. Маўляў, 30 долараў за барэль і не больш. Супрацьстаяла ж ім так званае «танкернае лобі»: Грэцыя, Мальта і Кіпр. У выніку, каб захаваць стабільнасць паставак энерганосьбітаў у свеце, сышліся на кампрамісным варыянце. Прыбытак Расеі ад продажу нафты марскім шляхам цяпер будзе складаць прыблізна 16 долараў за барэль, сцвярджаюць эксперты. Кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч:

«Калі рынкавая сітуацыя будзе развівацца тым сцэнаром, як цяпер, то гэта будзе прыкладна адпавядаць рынку. Калі ж будуць нейкія рынкавыя пікі, то, вядома, гэта паўплывае на даходы расейскага бюджэту. Можна сказаць, што ад нафты цяпер не будзе звышпрыбыткаў. На гэта сапраўды паўплывае».

Расейскі бізнесовец Леанід Неўзлін дадае:

«Пытанне нафты – самае галоўнае. Пры тым, што газ – гэта таксама важная палітычная зброя шантажу рэжыму, нафта – гэта крыніца яго жыцця. Гэта крыніца жыцця пуцінскага рэжыму. Бо даходы ад нафты перавышаюць даходы ад газу ў 4–14 разоў. Не будзе нафты, не будзе Пуціна».

У той жа час, расейскі эксперт пагаджаецца, што захады супраць краіны-агрэсара маглі б быць і больш эфектыўнымі. Маўляў, вайна ва Украіне скончылася б праз месяц:

«Калі Расея не зможа прадаваць нафту ці хаця б 2/3 сваёй нафты, што лёгка зрабіць, заблакаваўшы натаўскія пратокі ў Чорным і ў Балтыйскім моры, будзе эфект імгненны. Дастатковы, бо яны б прадавалі толькі траціну прыкладна, нават менш вырабленай нафты».

А ці паўплываць звязаныя з продажам расейскай нафты абмежаванні на падтрыманне Масквою рэжыму Лукашэнкі? Ці ўдараць яны па шэрых схемах у беларускай нафтаперапрацоўчай галіне – адной з асноўных крыніцаў узбагачэння ўзурпатара? Адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Расея будзе бяднець, і магчымасцяў, каб падтрымліваць беларускі рэжым, будзе менш. Кантрабанда была і ідзе. Але асноўнае, што трэба разумець: кантрабанда, калі тавар каштуе 100 долараў, – гэта адна схема, а калі тавар каштуе 20–30 долараў, гэта зусім іншы кантэкст».

Каб эканамічны ціск быў больш эфектыўным, Захаду варта ўспрымаць Пуціна і Лукашэнку як неадрыўныя часткі агрэсіі супраць Украіны, кажа галоўная рэдактарка сайту «Хартыя’97» Наталля Радзіна:

«Неабходна сінхранізаваць санкцыі супраць Расеі і Беларусі. Бо, на жаль, у апошніх пакетах санкцыяў ЕЗ не прысутнічае Беларусь. І гэта неабходна выпраўляць. Сінхранізаваць гэтыя санкцыі, рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі».

Паводле «ФайнЭншал Таймз», Расея праз пасярэднікаў ужо закупіла 100 састарэлых танкераў для захавання аб’ёмаў продажу нафты. Але гэтага недастаткова, лічаць аналітыкі Гарвардскага цэнтру Дэйвіса. Краіна-агрэсар можа сутыкнуцца з сур’ёзным прасяданнем экспарту нафты ўжо ў першыя месяцы 2023 года.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»