Андрэй Ажароўскі: вывучыце інструкцыю і набудзьце прафілактычныя прэпараты самастойна


Асноўны прэпарат – таблеткі калію ёдыду, рэзервовы – спіртавая настойка ёду. Міністэрствы аховы здароўя і надзвычайных сітуацыяў зацвердзілі інструкцыю аб парадку арганізацыі і правядзення ёдавай прафілактыкі ў выпадку пагрозы або ўзнікнення радыяцыйных аварыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прыняцце такой інструкцыі паказвае, што Беларусь улічвае сусветны досвед, кажа фізік-ядравік з Расеі Андрэй Ажароўскі.

«Гэта вельмі карысная рэч. Любая краіна, на тэрыторыі якой ёсць АЭС ці побач з якімі ёсць АЭС, павінна разумець, што гэта небяспечныя аб’екты, і павінна быць гатовая да аварыі. Нават калі гэта малаверагодная падзея, досвед паказвае, што трэба быць падрыхтаваным», – сцвярджае Андрэй Ажароўскі.

Прыняць гэты дакумент варта было б яшчэ да запуску Беларускай АЭС у эксплуатацыю, лічыць адмысловец. Важна, што ў інструкцыі падкрэсліваецца небяспека для Беларусі не толькі ад станцыі ў Астраўцы, але і ад атамных электрастанцыяў на тэрыторыі суседзяў – Смаленскай і Ровенскай. Але нормы магчымага ўздзеяння радыяцыі ў дакуменце заніжаныя.

«З аднаго боку, прызнаецца, што можа даляцець нават ад Смаленскай АЭС, з іншага – гаворыцца, што зона папераджальных захадаў БелАЭС – тры кіламетры. То бок у яе нават не ўваходзяць Гервяты, Варняны, нават Астравец не ўваходзіць», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Кепска ў планаваных, паводле інструкцыі, захадах, на думку Андрэя Ажароўскага, і тое, што па-за 15-кіламетроваю зонаю прафілактычныя прэпараты не раздаюцца загадзя. Бо прыняць іх трэба перад тым, як прыйдзе радыяцыйнае воблака.

Адпаведныя захады прыняла ўжо суседняя Літва.

«Гэта ўспрымаецца сурʼёзна, былі практыкаванні, таблеткі параздавалі бліжэйшаму рэгіёну, усё гэта было. Адпрацоўваліся таксама сцэнары магчымай аварыі. То бок у такім суседстве калі жывеш, павінен успрымаць нават тое, што здаецца розуму недаступна», – запэўнівае палітолаг Віціс Юрконіс.

Сурʼёзна ставяцца да небяспекі і жыхары Вільні.

«Падрыхтаваныя таблеткі з ёдам, інструктаж для вучняў, для дзяцей і падобнае. Трэба берагчы адно аднаго».

«Так, гатовы. Усе ведаюць пра ёдыд калію, кудысьці трэба будзе бегчы, паглядзім, як будзе змяняцца сітуацыя».

«Я давяраю дзяржаўным інстытуцыям, што яны паклапоцяцца пра грамадзянаў Літвы, як урад, так і самакіраванне. Мне падаецца, мы дастаткова паінфармаваныя пра тое, што трэба рабіць. Веру, што і далей будзем паінфармаваныя», – кажуць жыхары Вільні.

На рыхтаванне да магчымай аварыі на Беларускай АЭС літоўскі ўрад толькі сёлета прызначыў 17,75 мільёнаў еўраў.

«Рыхтаванне да пагрозы, што ідзе ад БелАЭС, адбываецца ўвесь час і ў некалькіх кірунках – ад умацавання дзяржаўных і муніцыпальных установаў, рыхтавання вучэнняў па грамадзянскай абароне да інфармавання жыхароў. Новая сістэма крызіснага кіравання і грамадзянскай абароны дазволіць установам дзеяць больш зладжана і эфектыўна ў выпадку магчымай ядравай аварыі», – кажа міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Андрэй Ажароўскі раіць адказным асобам у Беларусі не спыняцца на прынятай інструкцыі, бо радыеактыўны ёд – далёка не адзіны небяспечны элемент, што выкідаецца падчас аварыі.

«Я ведаю, што крытыкаў атамнай энергетыкі выгналі, «Экадом» забаранілі, запісалі ў ворагі народу. Калі б можна было працягваць дыялог з беларускімі ўладамі, вядома, грамадзянская супольнасць мелася б папрасіць: сказаўшы «А», кажыце «Б», распавядзіце пра забяспечанасць адгазнікамі, хоць тымі ж «пялёсткамі», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Кожны ж, хто жыве ў стакіламетровай зоне ад атамнай станцыі, мае вывучыць інструкцыю, набыць неабходныя прэпараты і трымаць іх удома, каб засцерагчыся прынамсі ад радыяцыйнага ёду, раіць адмысловец.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»