Імя ім – прапаганда. «Советская Белоруссия» парушыла Канстытуцыю


Новыя падрабязнасці крымінальных справаў, распачатых у часы масавых сацыяльных пратэстаў. КДБ праз газету «Советская Белоруссия» распавялі аб распрацоўцы таямнічай, глыбока заканспіраванай арганізацыі, якая трэніравалася зрынаць уладу Лукашэнкі – цэлы батальён баевікоў!

Публікацыя парушае беларускую Канстытуцыю, але гэта не спыніла падначаленых Паўла Якубовіча.

КДБ распачаў новую крымінальную справу

Паводле ананімнага артыкулу ў дзяржаўнай газеце «СБ. Беларусь сегодня», супраць 20 чалавек (былых удзельнікаў арганізацыі «Белы Легіён») высунулі абвінавачанне ў «Стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання». За гэта фігурантам справы пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

«Следства высвятляе факты стварэння глыбока заканспіраванай арганізацыі з дакладнай іерархіяй, жорсткай дысцыплінай, аб’яднанай ідэалагічнай асновай, узбраеннем», – піша ананімны аўтар СБ.

Не тое што суд, яшчэ следства не скончанае

Але газета называе імёны і прозвішчы абвінавачаных, адкрыта называе іх злачынцамі, публікуе паказанні, атрыманыя на допытах, што супярэчыць беларускаму заканадаўству аб прэзумпцыі невінаватасці.

«Друкуюцца нейкія матэрыялы аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, урыўкі нейкіх паказанняў кагосьці. Як яны апынуліся ў «Советской Белоруссии»? Хто іх туды скіраваў на этапе следства, у той час, як бярэцца распіска аб неразгалошванні матэрыялаў», – здзіўлена кажа Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Артыкул паўстаў у КДБ?

Некалькі былых чальцоў распушчанай арганізацыі «Белы легіён», якая дзеяла ў 90-ыя гады, ужо пад арыштам. Раней іх абвінавацілі ў рыхтаванні масавых закалотаў на Дзень Волі 25-га сакавіка, хоць саміх закалотаў не было. «СБ Беларусь Сегодня» піша, што ўсяго па справе аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» праходзіць 35 чалавек.

«Артыкул, які падпісаны «аддзел расследаванняў, і фактычна зʼяўляецца ананімным, яго нельга разглядаць, як нейкі журналісцкі твор. Я думаю, што гэты артыкул паўстаў у КДБ, а «СБ» яго проста перадрукавала. Магчыма, нейкія коскі іначай паставіла», – упэўнены журналіст Анджэй Пачобут.

Пасадзіла хлопцаў «фраў»

Паводле газеты, крымінальныя справы спецслужбы распачалі пасля атрымання ліста з Нямеччыны, у якім жанчына пераказвае чуткі аб баевіках-нацыяналістах, атрыманыя ад нейкага француза. Пра інфарматарку з Нямеччыны казаў і Лукашэнка, калі паведаміў, што спецслужбы затрымалі баевікоў-нацыяналістаў. На наступны дзень пасля заявы і пачаліся арышты.

Лукашэнка абвінаваціў у падрыўной дзейнасці краіны Захаду

«Камусьці хочацца ўзарваць абстаноўку – яны выкарыстоўваюць нашых «адмарозкаў»… Як партызаны, ямы капалі і хаваюць там зброю, арматуру, сякеры-нажы, гранаты», – эмацыйна распавядаў кіраўнік Беларусі.

Аднак на здымках зброі і боепрыпасаў, апублікаваных у дзяржаўным тэлебачанні і ў «СБ Беларусь Сегодня», або страйкбольныя рэплікі і вучэбныя гранаты для рэканструктарскіх гульняў, або паляўнічая зброя, якую ў Беларусі можна набыць легальна. Падрабязную экспертызу гэтай зброі вы можаце знайсці на старонцы belsat.eu.

Варта адзначыць палітычны фон, на якім было абвешчана аб пачатку новай крымінальнай справы. Сёння ж у Берасцейскай вобласці распачаліся расейска-беларускія вучэнні. Дэсантнікі з Разані адпрацоўваюць пошук і знішчэнне незаконных узброеных фармаванняў у беларускім горадзе. Якраз у стварэнні такога фармавання і абвінавацілі чальцоў «Белага Легіёну».

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: sb.by