Імпічмент Трампу. Ізноў


Прызнаць Доналда Трампа няздольным кіраваць краінаю патрабуюць прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША. Яны плануюць правесці праз Палату прадстаўнікоў спецыяльную рэзалюцыю з заклікам да віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса на 9 дзён узяць кіраванне на сябе. Маюць дэмакраты і яшчэ адзін варыянт – абвесціць Трампу імпічмент.

Тэрмінатар з мячом дэмакратыі ў руках супраць Доналда Трампа. Рэспубліканец і экс-губернатар Каліфорніі Арнольд Шварцэнэгер выступіў супраць прэзідэнта. У сваім відэазвароце ён параўнаў амерыканскую палітычную сістэму са сталлю, абвінаваціў цяперашняга гаспадара Белага дому ў хлусні і згадаў пра бацьку, які часцяком распускаў рукі – Шварцэнэгер лічыць гэта наступствамі фрустрацыі ад аўстрыйскага нацысцкага мінулага.

«Майго бацьку і нашых суседзяў увялі ў аблуду хлуснёй, я ведаю, да чаго вядзе такая хлусня. Прэзідэнт Трамп – няўдалы лідар. Некалі ён увойдзе ў гісторыю як найгоршы прэзідэнт. Добра, што ён хутка страціць сваю значнасць, як стары тўіт», – сказаў актор, губернатар Каліфорніі ў 2003–2011 гг. Арнольд Шварцэнэгер.

Праўда, адвярнулася ад Доналда Трампа толькі частка рэспубліканцаў, прычым некаторым адразу ж давялося сутыкнуцца з суровым норавам прыхільнікаў прэзідэнта. Сенатару-рэспубліканцу Ліндзі Грэяму ў аэрапорце Вашынгтону спатрэбілася абарона паліцыі. Ён адмовіўся падтрымаць спробы сарваць зацвярджэнне вынікаў выбараў. Цяпер прыхільнікі Трампа сустракаюць яго крыкамі «здраднік».

Затое дэмакраты настроеныя рашуча. Яны гатовыя пачаць працэдуру імпічменту нават за тыдзень да інаўгурацыі Джо Байдэна.

«Калі віцэ-прэзідэнт і кабінет не пачнуць дзеяць, кангрэс можа быць гатовы да пачатку працэдуры імпічменту», – сказала спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША, Нэнсі Пэлоўсі.

Доналда Трампа абвінавачваюць у падбухторванні да гвалту супраць ураду ЗША. Хаця ён не заклікаў да наўпроставага штурму Капітолію, Трамп паабяцаў сваім прыхільнікам увайсці ў Капітолій разам з імі, акурат калі кангрэсмены рыхтаваліся зацвердзіць ягонае паражэнне на выбарах. Натоўп – без свайго лідара – уварваўся ў будынак і ўчыніў пагром.

Некаторыя з удзельнікаў уварвання ўжо арыштаваныя, у тым ліку адна з самых яркіх фігураў штурму – прыхільнік тэорыяў змовы Джэйкаб Чэнзлі.

Вынік сутыкненняў – 5 ахвяраў, сярод якіх ёсць паліцыянт. У нядзелю ў Вашынгтоне з ушанаваннем пахавалі афіцэра, які загінуў падчас штурму будынку Кангрэсу.

Хоць рэспубліканцы і прадстаўнікі Белага дому кажуць пра яднанне нацыі, у Палаце прадстаўнікоў большасць менавіта ў дэмакратаў, а значыць дакумент пра пачатак працэдуры адхілення ад улады Трампа мае ўсе шанцы на поспех. Далей слова за Сенатам ЗША, але яго паседжанняў не планавалі да ўступлення на пасаду новага прэзідэнта. Сабрацца раней можна толькі пры згодзе ўсіх сенатараў, а гэта практычна нерэальна. Аднак галасаванне ў верхняй палаце Кангрэсу магчымае і пасля інаўгурацыі Байдэна. Гэта мае не толькі сімвалічнае значэнне – яшчэ ніхто з прэзідэнтаў ЗША двойчы не сутыкаўся з працэдурай імпічменту. Але самае галоўнае – дзверы Белага дому закрыюцца за Трампам назаўжды, яму могуць забараніць займаць дзяржаўныя пасады.

Дзверы ў сацыяльныя сеткі для прэзідэнта ўжо закрыліся. Twitter, які ён выкарыстоўваў як рупар, абвесціў пра пажыццёвае блакаванне Трампа:

«Пасля стараннага вывучэння апошніх тўітаў, акаўнту і кантэксту вакол іх мы назаўжды заблакавалі акаўнт праз рызыку далейшага падбухторвання да гвалту».

Да канца прэзідэнцкага тэрміну Трампа заблакавалі Facebook і Instagram, бан для прэзідэнта абвясцілі Snapchat і Twitch. Гэтае рашэнне выклікала супярэчлівую рэакцыю. Акрамя абурэння самога Трампа, крытыкі дзеянняў сацыяльных сетак звяртаюць увагу на тое, што рашэнне аб блакаванні прымаецца прыватнымі кампаніямі, якія самі вызначаюць межы дазволенага.

Анастасія Русецкая, Ян Маравіцкі, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў