Ідзе «каронавірусны» Вялікдзень – ці ісці ў царкву?

Міністэрства аховы здароўя не прадставіла новых звестак аб эпідэміі каронавіруса ў Беларусі. Напярэдадні казалі пра 76 інфікаваных Ковідам-19.

На радзіму праз Расею пачалі вывозіць беларусаў, якія захраслі ў Індыі праз каранцінныя захады. Але ад панядзелка прыляцець у Менск можна будзе толькі з Масквы.

Калі будзе самы пік распаўсюду каронавіруса ў Беларусі, Міністэрства аховы здароўя прагназаваць не бярэцца. Але рыхтуюць дадатковыя койка-месцы ў шпіталях – ужо ёсць 70 тысячаў, а як будзе трэба, разгарнуць і да 100 тысячаў, заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання Ўладзімір Каранік. Пра каранцінныя захады пакуль размовы няма.

«У шмат якіх краінах увядзенне каранціну – псіхалагічная захада. Часам яго робяць, каб паказаць, што робіцца хоць штосьці», – мяркуе міністр аховы здароўя Беларусі Ўладзімір Каранік.

У прыватным парадку некаторыя недзяржаўныя кампаніі пачалі самі змагацца з каронавірусам. Напрыклад, кур’еры піццэрыі працуюць у пальчатках і з дэзінфектарамі.

«У нас з’явілася бескантактная дастаўка. Кліент пазначае месца, дзе пакідаем замову без кантакту, але і ёй рэдка карыстаюцца», – распавёў «Белсату» курʼер адной з менскіх піцэрыяў.

Але ў супермаркетах абавязковага нашэння масак ці пальчатак няма, бо няма загаду. Харчоў і туалетнай паперы хапае, а тыя, хто сёння ідуць у краму, вялікіх запасаў не робяць,

Вось што нам распавялі жыхары і госці Менску:

«Сёння паесці на дзень, і ўсё. Не купляем ні туалетнай паперы рулонамі, нічога».
«Мы купляем па факце неабходнасці».
«Хлеб, малако, кілбаса, мяса».

Сітуацыя ў Беларусі ўмоўна спакойная, але гэта зацішша перад бурай, мяркуе гарадзенскі медык-афтальмолаг Аляксандр Лобан, які 16 гадоў адпрацаваў у Галандыі. Адмысловец нагадвае, што на поўдні Нідэрландаў эпідэмія Ковіду-19 выбухнула менавіта пасля карнавалу, куды прыехала шмат гасцей з Італіі. Цяпер там перапоўненыя шпіталі. А ў беларусаў усё наперадзе.

«Іерархі і праваслаўнай, і каталіцкай царквы павінны заклікаць прыхаджанаў не ісці на службу. Бо туды будуць ісці пераважна людзі пажылога ўзросту, гэта мэтавая група для вірусу. Яны будуць вельмі шчыльна стаяць адзін да аднаго, і ў Вербную нядзелю, і ў Вялікдзень. І канешне, гэта вялікая рызыка», – кажа адмысловец.

Як мяркуе Аляксандр Лобан, і ўладам, і грамадству трэба дзейнічаць ужо цяпер: абмяжоўваць уезд у Беларусь, не карыстацца перапоўненым грамадскім транспартам ды хаця б захоўваць дыстанцыю ў метр-паўтара, як гэта раіць рабіць Сусветная арганізацыя здароўя.

«Безумоўна трэба адмяніць усе масавыя мерапрыемствы кшталту футболу-хакею, вяселляў, дзён нараджэння, юбілеяў, і гэтак далей», – падкрэслівае Аляксандр Лобан.

У Беларусі футбол-хакей не адмянілі, матчы ідуць з людзьмі на трыбунах, сёння завяршыўся першы тур футбольнага чэмпіянату краіны.

Прынамсі, ужо няма размовы аб пераносе чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусь – Міжнародная федэрацыя хакею адмяніла гульні ў Швейцарыі. Невядома, ці чэмпіянат 2021 пройдзе ў Менску і Рызе, заявіў прэзідэнт Федэрацыі Рэнэ Фазэль. Спартовыя чыноўнікі кажуць пра магчымае змяшчэнне графікаў спаборніцтваў.

«Ёсць два сцэнары. Як поўная адмена чэмпіянату свету па хакеі, так і магчымы перанос яго на наступны год. Але гэта залежыць не толькі ад нас. Трэба спраўдзіць кантракты з арганізатарамі наступных чэмпіянатаў, як з Латвіяй і Беларуссю, так і з Фінляндыяй», – заявіў сёння Джан Джыллі, генсек аргкамітэту Чэмпіянату свету па хакеі – 2020.

Тым часам паўсотні беларускіх турыстаў пачалі вяртацца з Індыі праз Маскву. Але 15 з іх анулявалі квіткі авіякампаніі «Россия» насуперак распараджэнню расейскага ўраду.

У суседняй Літве для грамадзянаў Беларусі арганізавалі транзітны гуманітарны калідор, каб пехатой вярнуцца праз пункты пропуску – да панядзелка.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама