Ідэнтыфікацыя сілавікоў працягваецца – з’явіўся спіс


Ініцыятыва былых праваахоўнікаў «ByPol» выклала спіс амапаўцаў з галоўнага ўпраўлення Менгарвыканкаму. Туды трапілі 559 імёнаў сілавікоў разам з іхнымі пасадамі: ад камандзіраў да кіроўцаў.

«Касцяк захаваўся. Ну, вось што трэба сказаць Балабу, каб ён спыніў аддаваць загады падначаленым, якія, у сваю чаргу, потым здзяйсняюць злачынствы? Ну, вось што яму сказаць? Вы думаеце, такіх Балабаў… Іх няшмат, але іх хопіць, каб укамплектаваць АМАП», – лічыць старшыня АГП Мікалай Казлоў.

У спісе каля кожнага прозвішча пазначаны і ягоны апазнавальны нумар. Сілавік на скрыншоце – з Менску і ўваходзіць у першую роту, другі ўзвод. Узводы складаюцца з 10–20 чалавек. Таму калі не атрымаецца ідэнтыфікаваць злачынцу, то можна пазнаць суўдзельніка ці сведку, які панясе крымінальную адказнасць, калі не данясе аб злачынстве.

Гэта спросціць судовыя працэсы над імі ў будучыні, але ці зматывуе амапаўцаў сысці зараз? Паразважалі жыхары сталіцы:

«Ужо не можа спыніць, таму што яны зашмат дрэннага зрабілі».

«Калі ў іх ёсць мазгі і змогуць зразумець, да чаго гэта іх усё прывядзе, канечне, павінна спыніць».

«Яны пад абаронай».

«Як яно ідзе, так яно і будзе ісці. Нічога асабліва не зменіцца. Вясну чакайце, вясну!»

«Я лічу, што гэта рабіць трэба, але ў гэтай абстаноўцы дасць гэта нейкі сэнс ці не – невядома».

Некаторыя менчукі выказалі думку, што распаўсюджваць асабістыя звесткі нельга.

«Але ў нас іншая сітуацыя, і мы не можам падыходзіць з пункту гледжання прававой дзяржавы. Таму што ў нас парваахоўныя органы ператварыліся ў каральныя», – упэўнены Мікалай Казлоў.

Яшчэ адна новая форма ідэнтыфікацыі сілавікоў сёння – сайт BlackMap.org. Гэта мапа з імёнамі, адрасамі ды нумарамі супрацоўнікаў МУС. У некаторых нават пазначаныя кантакты і месца працы родных, аўтамабілі ды пашпартныя звесткі.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu