Хуткая змена ўлады ў Кыргызстане


Чарговым гарачым пунктам на планеце стаўся Кыргызстан. Праз дзесяць гадоў народнае паўстанне зноў прывяло да гвалтоўнай змены ўлады ў гэтай цэнтральнаазіяцкай рэспубліцы. Вынікі парламенцкіх выбараў, што адбыліся ў мінулую нядзелю, адмовіліся прыняць 12 з 16 партыяў, і выбарчая камісія гэтыя вынікі адмяніла. Такое рашэнне было прынятае пасля закалотаў у краіне, у выніку якіх загінула як мінімум адна асоба.

Некаторыя перастаноўкі прайшлі і ўва ўладных структурах. Прэм‘ер-міністр Кубатбек Баронаў падаў у адстаўку. Шэраг дэпутатаў абвесцілі новым прэм‘ерам Садыра Жапарава. Да гэтага змяніўся спікер парламенту. Ім стаў апазіцыйны дэпутат Мыктыбек Абдылдаеў. Але прэзідэнт трымаецца за сваю пасаду, хоць і страціў кантроль над адміністрацыяй.

Масавыя акцыі пратэсту, штурм Белага дому, дзе месцяцца парламент і адміністрацыя прэзідэнта, атака будынку Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бяспекі з вызваленнем з-пад арышту былога прэзідэнта краіны Алмазбека Атамбаева. Так адрэагавалі на вынікі выбараў у сталіцы краіны – Бішкеку. Галасавалі 4-га кастрычніка. Яшчэ ў працэсе падліку галасоў стала вядома, што апазіцыйныя партыі не праходзяць у парламент. Апаненты дзейнай улады не прызналі вынікаў выбараў і заклікалі сваіх паплечнікаў выйсці на на вуліцы кіргізскай сталіцы.

Бестэрміновая акцыя пратэсту распачалася адразу паля закрыцця выбарчых участкаў. І калі ўдзень панядзелка пратэст праходзіў мірна, то ўжо мінулае ночы сілавікі паспрабавалі ўзяць сітуацыю пад кантроль з дапамогаю слезацечнага газу, гумавых куляў, святлошумавых гранатаў і вадамётаў. У выніку пацярпелі каля сямісот чалавек. Раніцою 6 кастрычніка прэзідэнт краіны Саарынбай Джэенбекаў зрабіў заяву, у якой заклікаў апазіцыйных лідараў супакоіць сітуацыю ў краіне.

«Спакой у краіне і стабільнасць у грамадстве важнейшыя за мандат любога палітыка. Я прапаноўваў Цэнтральнай выбарчай камісіі пільна расследаваць любыя парушэнні ў хадзе выбарчага працэсу і пры неабходнасці ануляваць вынікі галасавання. Прашу лідараў палітычных партыяў супакоіць сваіх выбарнікаў і папрасіць іх не браць удзелу ў сходах».

Паводле афіцыйных вынікаў выбараў, у парламент прайшлі чатыры партыі, а дзве з іх, якія лічацца праўладнымі – «Бірымдык» і «Мекенім Кыргызстан» – атрымалі пераканальныя перамогі: прыблізна па 24 адсоткі галасоў кожная. І сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі Атыр Абдрахматава самая ж адмовілася прызнаць вынікі галасавання, прызнаўшы шматлікія факты фальсіфікацыяў.

Цэнтральная выбарчая камісія поўным складам прызнала вынікі галасавання на ўсіх участках несапраўднымі. Найбліжэйшым часам будуць абвешчаныя паўторныя выбары, якія пройдуць у скарочаныя тэрміны. Цяпер у Цэнтрвыбаркаме ідуць дэбаты на гэты конт. Сябра ЦВК Атыр Абдрахматава самая не прызнала вынікі выбараў, зазначыўшы, што падчас іх былі дапушчаныя шматлікія парушэнні.

«У аснову рашэння ЦВК пра адмену вынікаў галасавання павінныя легчы масавыя парушэнні таямніцы галасавання ў дзень выбараў, што адзначалі ўсе назіральнікі на ўчастках. Па-першае, усе бачылі, што на 90 адсотках участкаў, на жаль, беспасярэдне каля урнаў галасавання сядзелі чальцы камісіі. Па-другое, мы ўсе ведаем, што быў ужыты масавы адміністрацыйны ціск на дзяржаўных і муніцыпальных службоўцаў, якія працуюць ў арганізацыях, што ўтрымліваюцца за кошт бюджэту».

Апошнія содні, не беручы ва ўлік запісанага звароту, кіраўнік дзяржавы нідзе не з’яўляўся. Не сабраўся сёння і парламент. Паседжанне пасля захопу Белага дому планавалі правесці ў гатэлі.

У сваю чаргу апазіцыя сфармавала каардынацыйную раду. Па ўсёй краіне адклікаюць кіраўнікоў розных ведамстваў. Сярод іх – мэры Бішкеку ды Ошу. Пад свой кантроль пратэстоўцы ўзялі і дзяржаўнае тэлебачанне. Прадстаўніца сацыял-дэмакратычнай партыі Кыргызстану Ірына Карамушкіна, выступаючы перад пратэстоўцамі, зазначыла Ірына Карамушкіна:

«Улада самая падштурхнула народ да ўчорашніх падзеяў. Апошняю кропляю сталіся вынікі галасавання на парламенцкіх выбарах. Нашыя галасы не проста скралі. Нас прымусілі галасаваць, не пытаючыся нашага жадання. Перакупілі большую частку народу», – чалец сацыяд-дэмакратычнай партыі Кыргызстану.

За апошнія 15 гадоў гэта ўжо трэція падзеі гэткага роду ў Кыргызстане. У 2005 пасля выбараў прэзідэнта зрынулі Аскара Акаева, які ўцёк у Расею. У 2010 такая ж доля напаткала Курманбека Бакіева, які знайшоў прытулак у кіраўніка Беларусі – Лукашэнкі.

Святлана Аўчарова, Аляксандр Пуціла, «Белсат»