Аб'ектыў 12.05.2017 Хутка ў беларусаў скончацца грошы, тады рубель абрынецца


Праяданне назапашанага. Валютныя дэпазіты насельніцтва зменшыліся да найніжэйшага ўзроўню 2013 года, паведамляе агенцтва БелаПАН, са спасылкай на апошнія звесткі

Жыццё не па сродках

Прадстаўнікі Нацыянальнага банку, у інтэрвʼю агенцтву БелаПАН, патлумачылі, што ў чаканні завяршэння эканамічнага крызісу насельніцтва працягвае праядаць свае валютныя зберажэнні, назапашаныя ў мінулыя гады.

За апошнія паўтара года валютныя зберажэнні беларусаў у банках знізіліся амаль на $ 1 млрд.

У 2015 годзе на рахунках насельніцтва было амаль $ 8 млрд., цяпер –$ 6,8. Продаж валюты насельніцтвам – адзін з асноўных чыннікаў, які ўтрымлівае стабільнасць беларускага рубля.

«Гэтая валюта, якая здымаецца ў банках, верагодней за ўсё, канвертуецца ў рублі, гэтая валюта прадаецца. І гэта, у пэўнай меры, спрыяе стабільнасці беларускага рубля», – тлумачыць эканаміст Вадзім Іосуб.

Але дырэктар Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця па стабілізацыйнай праграме з Беларуссю – Алішэр Мірзоеў, у эксклюзіўным тэлемосце з нашым тэлеканалам падкрэслівае – падтрыманню валютнага курсу насельніцтвам рана ці позна наступіць канец.

«Мы не можам разглядаць гэты чыннік як устойлівы. Зберажэнні насельніцтва выцякаюць. Хаця пакуль продажы валюты насельніцтвам нават павялічыліся», – запэўнівае спадар Мірзоеў.

Алішэр Мірзоеў адзначае, што продаж валюты насельніцтвам ідзе пераважна не з тых грошай, што ляжаць у банках, а з наяўных запасаў. Калі папросту – тых грошай, што ляжаць пад матрацам. Гэтыя сродкі, на думку Еўразійскага фонду, практычна закончыліся.

Што далей?

«На наш погляд, зберажэнні па-за банкаўскай сістэмай павінны закончыцца сёлета. Мы чакалі, што ўжо цягам першага паўгоддзя гэта адбудзецца», – дадае Алішэр.

Еўразійскі фонд папярэджвае: скарачэнне продажаў валюты насельніцтвам створыць ціск на курс рубля. Каб падрыхтавацца да гэтага шоку, фонд настойліва рэкамендуе Менску запаволіць зніжэнне банкаўскіх ставак і паскорыць структурныя рэформы. Улады Беларусі, аднак, да гэтага пакуль не прыслухоўваюцца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары