Хто выкінуў на вуліцу дольнікаў гандлёвага цэнтру «Імпульс-2»? І прычым тут сябра Лукашэнкі?


«Нас абрабавалі і выкінулі на вуліцу» – з такімі плакатамі дольнікі гандлёвага цэнтру «Імпульс-2» пратэставалі ў цэнтры Менску. Прадпрымальнікі, якія ўклалі немалыя грошы ў будаўніцтва гандлёвага цэнтру па вуліцы Веры Харужай, абураюцца рашэннем прадаць дарагую маёмасць кампаніі, валодае якой сябра Аляксандра Лукашэнкі.

Будавалі за свае грошы, цяпер – засталіся ні з чым. Каля трох дзясяткаў дольнікаў «Імпульсу-2» пікетавалі будынак гандлёвага цэнтру на вуліцы Веры Харужай у Менску, які днямі дзяржава перадала кампаніям «Тапас» і «Магнат Трэйд».

«Зараз па рашэнню суда мы не маем права ні атрымаць кампенсацыю, ні вярнуць свае месцы. То бок гэтыя грошы я зарабіў у Маскве, прывёз сюды, каб мае дзеці мелі будучыню, каб у іх быў кусок хлеба. І вось што я атрымаў», – кажа дольнік «Імпульсу-2» Генадзь Каралькоў.

Змаганне за сваю ўласнасць дольнікі «Імпульсу» вядуць ужо больш за дзесяць гадоў. За гэты час 160 семʼяў, якія ўклалі ў будаўніцтва гандлёвага цэнтру немалыя грошы, прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі.

«Нас на прыёме чыноўнікі проста нагла падманваюць. Жмуць нам рукі, усміхаюцца і падманваюць», – распавядае Валянціна Бандарэнка.

У выніку дольнікі звярталіся ў суды, аднак і там не знайшлі праўды. Цяпер людзі чарговы раз напісалі звароты да старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэя Шорца, кіраўніка Дзяржкамітэту маёмасці Андрэя Гаева і ў Адміністрацыю прэзідэнта.

«Мы просім у чарговы раз, каб яны нас сабралі і патлумачылі нам, чаму за нашымі спінамі нашая ўласнасць прадаецца», – пытаецца дольніца Таццяна Аляшкевіч.

Новым гаспадаром «Імпульсу-2», які ўжо гатовы да эксплуатацыі на 95 адсоткаў, стала, між іншага, і кампанія «Тапас». Шмат хто звязвае сакрэт поспеху кампаніі з Аляксандрам Белым і ягоным сынам Паўлам. Апошні гуляе ў хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі нападнікам. Самі дольнікі мяркуюць, што развязаць іхную праблему можа толькі сам кіраўнік дзяржавы.

«Адным тэлефонным званком можа ўсё вырашыць. Вось ён прадаў свайму чалавеку. Чаму б нам не выдзеліць нашыя месцы, а астатнія месцы, якія засталіся, хай прадае яму», – прапануе дольнік Аляксандр Кляўцэвіч.

Аднак прадаць пустыя будынкі ў цэнтры Менску замежным інвестарам, да чаго гэтак імкнуўся Аляксандр Лукашэнка яшчэ летась, кіраўнік дзяржавы не паспяшаўся. Ды і самі інвестары не спяшаюцца ўкладаць грошы туды, дзе ў любы момант дзяржава можа забраць тое, што належыць табе законна.

Віталь Бабін, «Белсат»