Аб'ектыў 04.03.2018 Хто святкуе Дзень міліцыі


У дзень прафесійнага свята айчынных міліцыянтаў мы высвятлялі, каму яны служаць.

Дзень міліцыі Лукашэнка зацвердзіў адмысловым указам напрыканцы 90-ых. І пакуль кіраўнік краіны адзначае ўнёсак міліцыянтаў ва ўмацаванні парадку, праваабаронцы і журналісты амаль штотыдзень фіксуюць факты злоўжывання сілавікамі службовых паўнамоцтваў і гвалту ў дачыненні да грамадзянаў.

За плячыма падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова, цяпер ужо палітыка Аб’яднанай грамадзянскай партыі – служба вайскоўцам у Грузіі і Узбекістане. У крымінальны вышук Упраўлення ўнутраных справаў ён патрапіў пасля вяртання на радзіму з развалам Савецкага Саюзу.

«Мне быў цікавы вышук, для мяне гэта было новае. Я быў тады малады, шмат рамантыкі, мне было зразумела, тым больш, што часы такія, былі бандыты. Мне падавалася, што гэта – нармальны годны выбар», – узгадвае Мікалай Казлоў.

Напачатку сапраўды было цікава, праца прыносіла задавальненне. Але пазней было ўжо горш.

Апошняю кропляй, якая стала падставаю напісаць рапарт аб звальненні, сталася сітуацыя на парламенцкіх выбарах у 2008-ым годзе. Да яе спрычынілася датычная да выбарчых фальсіфікацыяў старшыня выбарчай камісіі на ўчастку, дзе Мікалай Казлоў нёс службу.

«Яна была ўпэўненая, што я з імі заадно, што мы адна банда, звярнулася, папрасіла ключы дзеля таго, каб укінуць бюлетэні. На яе погляд, людзей было не так шмат, і ёй увесь час падаецца, што ўсе не за таго галасуюць, за каго трэба. Калі я адмовіў – і здарылася ўся гэтая гісторыя, калі мне загадалі перадаць ключы», – кажа Мікалай Казлоў.

Такіх гісторыяў можа быць і больш. Толькі вось у іншых выпадках хутчэй пераважыла лаяльнасць працаўнікоў міліцыі да свайго начальства. Паводле палітыка Мікалая Статкевіча, у адрозненні ад дэмакратычных краінах, сілавікі ў Беларусі не выконваюць сваю сапраўдную функцыю.

«Справа ў тым, што нашая міліцыя працуе на аднаго чалавека, і галоўная яе функцыя – не дапусціць, каб яго адхілілі ад улады», – кажа Статкевіч.

У час, калі няма неабходнасці душыць пратэсты, працаўнікі праваахоўных органаў, паводле праваабаронцаў, выконваюць планы па затрыманых і арыштаваных, што нярэдка абарочваецца гвалтам у дачыненні да простых грамадзянаў.

Паводле праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, да якога нярэдка звяртаюцца па дапамогу, колькасць ахвяраў міліцэйскага свавольства не змяншаецца. Літаральна некалькі дзён таму стала вядома пра жыхарку Віцебску, якую міліцыя збіла і пакарала судом фактычна за заўвагу ў адрас супрацоўнікаў, якую яна дазволіла сабе выказаць.

Ад пачатку года па дапамогу да нашага тэлеканалу звярнуліся яшчэ трое жыхароў краіны, якія зазналі на сабе міліцэйскі гвалт.

«На жаль, дапамагаць ахвярам катаванняў у таталітарнай дзяржаве вельмі складана. Самая сістэма накіраваная, каб душыць кожнае праяўленне волі», – кажа Андрэй Бандарэнка.

Часта адзінымі метадамі абароны для насельніцтва ў большасці выпадкаў застаюцца толькі праваабаронцы і незалежныя медыі. Міністэрства ўнутраных справаў не спяшаецца караць сваіх падначаленых за перавышэнне паўнамоцтваў. Дамагчыся праўды не атрымалася і ў былога падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова. Абяцанні ў органах раскрыць справу фальсіфікацыі на выбарах 2008-га году гэтак і засталіся абяцаннямі.

Юлія Лабанава

Глядзі таксама
Каментары