Хто павінен «адказваць галавою» за смерці людзей ад COVID-19?


За апошнія содні ў Беларусі ад наступстваў заражэння каронавірусам загінулі 7 чалавек. Афіцыйная статыстыка кажа пра 142 смерці. 12 траўня падчас нарады Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў міністраў: усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва галавой. Ці ўратуе змена рыторыкі беларусаў? Даведвалася Анастасія Русецкая.

Сітуацыя з вірусамі ў Беларусі «цярпімая», і «той метад, якім мы карыстаемся ўжо трэці месяц, прыносіць свой плён» – заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Менску:

«І гэтым метадам, гэтым шляхам скарысталіся і іншыя дзяржавы. Паглядзіце на заходнія краіны: паволі адкрыліся, пачала працаваць эканоміка, а гэта мільёны людзей».

Кіраўнік Беларусі папярэдзіў: за смяротнасць насельніцтва ад «Ковіду» ўсе «адказваюць галавою».

На меркаванне апытаных намі віцяблянаў, адказнасць сапраўды быць павінная.

Жыхары Віцебску кажуць:

«Безумоўна, урад, бо гэта, лічу, халатнае стаўленне да свайго народу. Бо вырашыць, што людзі павінныя проста з гэтым справіцца і перахварэць, яго не хвалюе, што некаторыя людзі страчваюць палову сям’і».

«У гэтым плане я за прэзідэнта. Трэба караць і караць сурова».

«Лукашэнка такога не скажа свайму народу».

З пачатку эпідэміі, згодна з афіцыйнаю статыстыкай, памерлі 142 пацыенты. Толькі за апошнія содні – сямёра. Агулам каронавірусам у Беларусі заражаныя амаль 25 тысячаў чалавек. Ужо цягам тыдня прырост складае па 900 выпадкаў за дзень.

Жыхары Смаргоні кажуць:

«Сітуацыя жахлівая. Я іду з больніцы. Пытала ў дактароў – сказалі, стан пагаршаецца з кожным днём. Вось у Жодзішках доктар працаваў, Руслан Анатольевіч: яго знялі і перавялі працаваць у Смаргонь на каронавірус».

«Быццам у нас шмат хворых, шмат пнеўманіяў і нават ёсць памерлыя, але гэта нідзе не прачытаеш».

«Кажуць, што хварэюць, шмат хварэе. А як хварэе, што, улады маўчаць, усе маўчаць».

Тым часам праз за пандэмію каронавіруса перанеслі ўрачыстасці з нагоды 500-годдзя Жыровіцкага манастыра. Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. Юбілейныя мерапрыемствы мелі адбыцца 19 і 20 траўня з удзелам царкоўных іерархаў ды найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў.

«Новыя даты правядзення царкоўна-грамадскіх мерапрыемстваў будуць вызначаныя пасля завяршэння эпідэміі», – гаворыцца ў паведамленні.

Архіепіскап Гурый, якога пасля велікоднай службы ў Жыровічах шпіталізавалі з пнеўманіяй, днямі выпісаўся з больніцы.

«Асаблівая падзяка дактарам, якія сёння на перадавой. Як некалі воіны баранілі нашую айчыну, так яны сёння ваююць з нябачным ворагам – каронавірусам», – гаворыць архіепіскап Наваградскі І Слонімскі Гурый.

Цяпер праваслаўны іерарх у самаізаляцыі, але ў набажэнствах удзельнічае.

Анастасія Русецкая Belsat.eu