Хронікі рэпрэсіяў. Пуцілу і Пратасевіча абвясцілі тэрарыстамі


Гэта не жарт. КДБ унёс стваральнікаў тэлеграм-каналу Nexta Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча ў спіс тэрарыстаў. Сам тэлеграм-канал быў прызнаны экстрэмісцкім, а Пуцілу з Пратасевічам абвесцілі ў міжнародны вышук. У Менску і рэгіёнах працягваюцца палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў, на ўзроўні, якога яшчэ не было ў гісторыі незалежнай Беларусі. Анастасія Русецкая.

Прыбраць кветкі, зафарбаваць муралы, зрэзаць бел-чырвона-белыя стужкі. Камунальнікі пад абаронай міліцыі і дружыннікаў наводзяць парадак. Улады нават стварылі адмысловы спіс «дэструктыўных» асяродкаў. У ім – чатыры дзясяткі тэрыторыяў. Гэта не толькі пратэставыя дворыкі, але і месцы, дзе адбываюцца канцэрты ці выбудоўваюцца ланцугі салідарнасці.

«Гэта жахліва, здаецца, што гэта сон. Але гэта нашае жыццё».

«Вельмі жорстка дзеюць. Можна лаяльней ставіцца. Людзі б пастаялі і разышліся. А навошта?»

«Яны будуць хапаць людзей за тыя самыя сустрэчы, за сцягі. Таму я да гэтага стаўлюся так сама, як да рэйдаў нацыстаў у саракавых гадах у Менску. Гэта тое самае, нават форма тая самая – чорная».

«Я перажыла вайну тут, у акупаваным Менску. Вы разумееце, як гэта было страшна? Але тое, што творыць Лукашэнка тут і цяпер, – гэта яшчэ страшней», – кажуць жыхары Менску.

Аглядацца ў дварах улады пастанавілі пасля разгону ў нядзелю акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на Плошчы пераменаў. Тым часам Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні лекара за перадаванне звестак пра вынікі медычнага агляду Рамана. Паведамляецца, што падазраваных затрымалі.

Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч, якая рыхтавала матэрыял пра Рамана Бандарэнку, з дому звезлі сілавікі.

Сёння ж выявілася, што ГУБАЗіК затрымаў адміністратара тэлеграм-каналу «Белыя халаты». 20-гадовага студэнта медычнага ўніверсітэту прызналі падазраваным у крымінальнай справе аб арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. У ягонай кватэры адбыўся ператрус.

«Рэгулярна бяру ўдзел у навуковых даследаваннях, ініцыятывах, якія прысвечаны рэфармаванню і паляпшэнню сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», – гаворыць на камеру затрыманы.

Крымінальныя справы двойчы распачыналі ў дачыненні адзінай у Бярозе незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай. Няўдала. Аднак пераследу не спынілі. У мінулую пятніцу прыйшлі з ператрусам і забралі тэхніку. Цяпер Тамара не можа працаваць, не можа атрымліваць онлайн-дапамогу псіхатэрапеўта. Акрамя таго, журналістцы заблакавалі банкаўскую картку.

«Далі мне пачытаць пракурорскую пастанову, дзе было напісана, што ўчастковы Іванюк, у якога размалявалі хату, якую ён будуе, напісаў скаргу, што нібыта я ў Telegram’е яго абражала», – кажа журналістка Тамара Шчапёткіна.

Паводле справы ў дачыненні размаляванага дому бярозаўскага працаўніка міліцыі напярэдадні зладзілі ператрус у Валерыя Білібухі – адзінага ў Беларусі апазіцыйнага дэпутата сельсавету.

«Там перавярнулі ўсё на свеце. У дэпутата. У хлеў пайшлі, у гараж пайшлі. Залезлі на дах – у яго на даху вісіць бел-чырвона-белы сцяг. Яны знялі гэты сцяг», – распавядае Шчапёткіна.

Яшчэ адзін спосаб ціску – пазбавіць працы. Гэтак, у Гомлі з універсітэту транспарту пасля 16 гадоў працы звольнілі выдатнага выкладніка і руплівага гарадскога актывіста Яўгена Малікава. У верасні ён адседзеў 5 содняў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

«Фактычна падставай сталі дзве вымовы, якія мне вынеслі за восем дзён. А рэальна, канешне ж, гэта помста за маю грамадзянскую пазіцыю, за маю актыўную грамадскую дзейнасць», – упэўнены звольнены выкладнік Яўген Малікаў

І яшчэ адно звальненне. Чэмпіёнка свету ў лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава страціла працу ў Цэнтры алімпійскага рыхтавання. Раней яна падпісала ліст спартоўцаў з патрабаваннямі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Праўда, потым свой подпіс адклікала.

Анастасія Русецкая, «Белсат»