Хлопца, які выбег на футбольнае поле з БЧБ-сцягам, арыштавалі на 10 содняў

Барысаўскі суд пасадзіў на 10 дзён Аляксандра Вянгерскага, які выбег на футбольнае поле падчас матчу між беларускім БАТЭ і англійскім «Арсеналам».

Мужчына трымаў у руках нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг Беларусі. У судзе футбольны заўзятар распавёў, што пасля затрымання міліцыянты вывелі яго са стадыёну, паставілі на калені і білі па нырках. У выніку суддзя прызнаў затрыманага вінаватым у хуліганстве і супраціве.

Наш калега Аляксандр Баразенка, які быў на гульні, распавядае, як усё было:

«Заўзятары БАТЭ, беларускія заўзятары паставіліся вельмі прыязна да ўчынку хлопца. У кагосьці ён выклікаў усмешку, у кагосьці павагу. Калі яго выводзілі, затрымлівалі, заўзятары БАТЭ правялі яго воплескамі, крыкамі».

Футбалісты спакойна паставіліся да здарэння, брамнік «Арсеналу» нават падышоў паціснуць руку затрыманаму бегуну.

«Ён жа выбег не калі была гульня, а калі была паўза. Хтосьці ўпаў, медыкі аказвалі дапамогу, таму затрымкі ў гульні не было», – кажа спартовы аглядальнік «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Уладзімір Крывулін.

Але міліцыя не ацаніла патрыятычнага парыву: затрыманаму заламалі рукі, а пазней, як ён распавёў у судзе, збілі.

Парушальніка клічуць Аляксандр Вянгерскі, ён нарадзінец Вялейкі. 8-га верасня браў удзел у вулічнай акцыі супраць расейска-беларускіх вайсковых манеўраў. І на поле выбег таксама дзеля Беларусі.

«Папулярызацыя нацыянальнага сцягу і герба »Пагоня«. Каб можна было выйсці на вуліцу з гэтымі сімваламі», – тлумачыць свае матывы Аляксандр Вянгерскі.

Суд прызнаў Аляксандра вінаватым у хуліганстве і супраціве міліцыі, арыштаваў на 10 дзён. Але ўсё ж фанат ажыццявіў сваю мэту.

«Хлопец малайчына, выказаў свой пункт гледжання. Трыбуны яму апладавалі. Я думаю, што людзі задумаюцца пасля наконт сімволікі», – адзначае Андрэй Вянгерскі, брат затрыманага.

Матч бачыла шмат беларусаў.

Падчас апытанкі ў Менску некаторыя з іх адзначылі, што не бачаць нічога дрэннага ва ўчынку Аляксандра, іншыя кажуць, што такія інцыдэнты ўзнікаюць праз тое, што людзей пазбаўляюць магчымасці карыстацца нацыянальнай сімволікай у іншых сітуацыях.

Гістарычны бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным сцягам Беларусі, а цяпер ён амаль забаронены. Можна трапіць за краты, проста накінуўшы сцяг на плечы ў грамадскім месцы. Футбольны клуб БАТЭ, аднак, займае бяспечную апалітычную пазіцыю і адмаўляецца каментаваць здарэнне. Раней БАТЭ прыгразіў перакласці любыя штрафы ад УЕФА – Саюзу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў – на парушальніка, у гэтым выпадку на Аляксандра.

«Паколькі БАТЭ не лічыцца клубам-парушальнікам, як маскоўскі »Спартак« ці турэцкія клубы, то варта чакаць больш мяккай рэакцыі з боку УЕФА», – мяркуе Аляксандр Баразенка.

Тут, сярод іншага, і матч амаль не перарваўся, і гвалту з боку заўзятараў таксама не было. А нацыянальны сцяг Беларусі пабачылі і абмеркавалі ўсе.

Яраслаў Сцешык/ІІ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама