«Халявы» не будзе – банкі перасталі пазычаць грошы


Камерцыйныя банкі сталі прыпыняць выдачу крэдытаў разам з хваляй каронавіруса па Беларусі – яшчэ з сярэдзіны сакавіка. І вось да іх далучыўся найбуйнейшы, лідар ва ўзроўні асабістага капіталу, укладаў і крэдытаў – «Беларусбанк», кантраляваны дзяржавай.

«Банк прыпыніў прыём новых крэдытных заявак на набыццё жылых памяшканняў на другасным рынку, а таксама на набыццё домакамплектаў і незавершанай закансерваванай капітальнай будоўлі… Таксама прыпынены прыём крэдытных заявак на рэфінансаванне «Удалае абнаўленне», на набыццё новых аўтамабіляў (акрамя «Geely» у межах праграмы з «БелДжы»), на спажывецкі крэдыт з выкарыстаннем крэдытнай карткі ў межах дамовы з арганізацыямі гандлю», – паведамляе ААТ «Беларусбанк» у прэс-рэлізе.

У «Беларусбанку» пакуль можна ўзяць крэдыт не толькі на новую «Джылі» ці новую кватэру, але і на адукацыю ды тавары шэрагу беларускіх вытворцаў. А вы пазычалі ў банкіраў? Вось што нам распавялі жыхары і госці Менску:

«На рамонт кватэры, дачы. Але ў асноўным у растэрміноўку браў».

«Будаваліся, ільготны крэдыт быў, узялі».

«Трэба было памяняць матор, і я браў паўтары тысячы беларускіх рублей».

«Калісьці брала на пакупку машыны. І ў выніку тая машына мне аказалася ў тры разы даражэй».

«Я брала крэдыт на тое, што мне прыносіла абарот, добрую выручку, я цудоўна ведала, што ў 90-я гады я магу з гэтым скончыць і вельмі хутка. Цяпер бы я крэдыт браць не рызыкнула».

«Цяпер такі час, што не кожны можа набыць сабе кватэру, дзецям. І грошай няма. І атрымліваецца, мы мусім жыць у шалашы з такой палітыкай дзяржавы».

Бум спажывецкага крэдытавання ў Беларусі працягваецца амаль 3 гады і ледзь не стварыў крэдытнай бурбалкі, адзначаюць эканамісты.

«Беларусь доўгі час была незакрэдытаванай нацыяй. У нас гэты паказчык доўгі час быў ніжэйшы чым у Расеі і іншых суседніх краінах, але спажывецкі бум апошніх гадоў прывучыў людзей да таго, што купляюць у растэрміноўку тэлефоны, тэлевізары, бытавая тэхніка, кватэры», – распавядае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Частка даўжнікоў успрымае крэдыты як бясплатныя грошы, ці, па-народнаму, як грошы «на халяву». І не пралічвае адсоткаў на доўгую будучыню. А мусіць быць культура ашчаджэння на 2–3 гады, перакананы кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

«У нас каля 25% хатніх гаспадарстваў маюць крэдыты, іх колькасць павялічылася ў сакавіку-красавіку, бо людзі падумалі, што напярэдадні дэвальвацыі на гэтым заробяць. Гэткія маленькія спекуляцыі».

Але не страляйце ў піяніста, ён грае як умее, кажа эканаміст. Прыйшоў сапраўдны крызіс, і цяпер банкі проста спрабуюць думаць за сваіх кліентаў.

«Падаюць заробкі, каля мільёна чалавек можа страціць працу, а калі няма зберажэнняў, значыць, банкі сутыкнуцца з незваротам крэдытаў. І будуць дрэнныя, таксічныя даўгі», – тлумачыць Раманчук.

Пры тым нікуды не падзеліся даўгі стратных дзяржаўных прадпрыемстваў. І гэта ільвіная доля таксічных крэдытаў беларускіх банкаў. Што ж будзе далей?

«У бліжэйшыя паўгода-год банкі, хутчэй за ўсё, будуць пераглядаць сваю стратэгію ў справе ацэнкі крэдытаздольнасці кліентаў. І атрымаць у іх крэдыт стане цяжэй», – мяркуе Станіслаў Івашкевіч.

Як мяркуюць апытаныя «Белсатам» эканамісты, ва ўмовах пандэміі беларускую гаспадарку можа чакаць і падзенне валавога ўнутранага прадукту – нават на 10 % напрыканцы года. У тым ліку таму, што ўлады Беларусі працягваюць арыентаваць эканоміку на расейскі рынак.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»