Гвалт на паверхні, стачка пад зямлёй


Яшчэ двое працаўнікоў «Беларуськалію» адмовіліся вяртацца з шахты на паверхню, дзе б’юць пенсіянераў, калечаць моладзь, звальняюць і кідаюць за краты тых, хто дамагаецца перамен. Новыя ўдзельнікі нацыянальнай стачкі не баяцца звальненняў – баяцца жыць у старой сістэме і залежыць ад яе.

Нацыянальная стачка ўцягвае стратэгічныя для эканомікі Лукашэнкі прадпрыемствы. Наглядзеўшыся на працяг рэпрэсіяў у апошнія выходныя, працаўнік «Беларуськалію» Аляксандр Клязовіч вырашыў пратэставаць, як умее.

«Адпрацаваў змену і сказаў, што адмаўляюся пакідаць сваё працоўнае месца, буду тут знаходзіцца», – распавёў стачкоўца «Белсату».

Вывезлі мужчыну з шахты а палове на чацвёртую ночы, агледзелі, што не пʼяны і папярэдзілі, што можа згубіць працу. Такія навіны не стрымалі ягонага калегу Сяргея Журневіча, які ўступіў у стачку ад імя сваёй брыгады.

«Людзі, якія сышлі ў стачку – даволі кваліфікаваныя, заслужаныя, якімі можна б было ганарыцца, і не варта казаць пра тое, што нехта можа заняць іхнае месца», – закінуў ён дзяржаве.

Пратэстуюць і ў нафтаперапрацоўчай галіне. Ад заўтра не выходзіць чарговы працаўнік «Нафтану» Іван Лінкевіч, які ў сваім звароце сказаў:

«Далучаюся да агульнанацыянальнай стачкі і не выходжу 25.11.2020 з 08:00. Падтрымліваю ўсе агульныя і лакальныя патрабаванні. Жыве Беларусь!»

Працаўнікі Мазырскага НПЗ свае патрабаванні да кіраўніцтва давялі яшчэ ў жніўні. Замест крокаў насустрач, 9-га лістапада камісія па калектыўнай дамове заблакавала працаўнікам магчымасць на абарону ад звальнення пры дапамозе прафсаюзаў.

«Разам з гэтым вырас ціск. Ён стаў беспрэцэдэнтным. Цягам нядаўняга часу звольнілі 2 чалавекі паводле абсалютна надуманых прычынаў», – заявіў працаўнік Мазырскага НПЗ Канстанцін Янкін. 28-гадовы спецыяліст першым на прадпрыемстве ўчора ўвайшоў у стачку. Ягоны былы калега, жыхар Светлагорску Юрый Чаранкоў яшчэ да гэтага моманту разам жонкаю мусіў уцякаць за мяжу. Пераслед супраць яго распачалі пасля таго, як падаў заявы на міліцыянтаў у Следчы камітэт:

«Пасля гэтага пачалося ў нас кашмарнае жыццё. Да нас несупынна тэлефанавалі, да нас прыходзілі з крымінальнага вышуку, нас забіралі ў міліцыю, у пракуратуру, «прэсавалі» маральна», – распавёў мужчына.

Тым не менш па некалькі асобаў на дзень далучаюцца да пратэстаў на беларускіх прадпрыемствах. 24-га лістапада шэрагі тых хто ў стачцы папоўнілі працаўнікі Салігорскага «Пассату», «Ніва-холдынгу» і Беларускай Чыгункі.

Падтрымлівае людзей і стачкам, і незалежныя прафсаюзы, і праваабаронцы. Юрыст прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка з Гомля сочыць за метадамі ціску кіраўніцтва на працаўнікоў. Адзначае, што звальняюць найчасцей нібыта «за прагул» – у такіх выпадках працаўніка можна аднавіць на працы. Больш складана, калі ў працаўніка скончыўся кантракт.

«Скончыцца кантракт і наймальнік мае права без тлумачэння прычынаў выкінуць любога, падкрэслю, нават самага добрасумленнага работніка, на вуліцу. У сённяшніх умовах улада пойдзе на ўсё дзеля таго каб з працоўных калектываў прыбраць тых, хто спрабуе пратэставаць», – рэзюмаваў праваабаронца.

Удзельнікаў стачкі дзяржава вінаваціць у падрыве эканомікі. Стачкоўца Аляксандр Клязовіч ня згодны:

«Калі будуць справядлівыя выбары, я гатовы і па 3 змены выходзіць, падымаць краіну сваёй працаю. Я хачу працаваць і жыць у нармальнай краіне і каб мае дзеці жылі ў нармальнай краіне! Пакуль што я бачу толькі тупік».

Паводле калійшчыкаў, іх заробкі ўжо ўпалі амаль у тры разы ў доларавым эквіваленце.

Юлія Цяльпук, «Белсат»