Гурт TonqiXod сыграў апошні канцэрт

Гурт «ТонкіХод», які летась распаўся на самым узлёце, зноў з’яднаўся на сцэне клубу «Бруге» дзеля апошняга канцэрту.

Летась «ТонкіХод» выпусціў альбом «Колер, якога няма», а праз колькі месяцаў гурт заявіў пра заканчэнне дзейнасці. Апошняя кружэлка атрымала безліч прыхільных водгукаў ды некалькі ўзнагародаў, у тым ліку «Героі году» і адразу пяць дыпломаў прэміі «Эксперты.by». Прызам ад фонду «Вяртанне» сталася арганізацыя канцэрту. Таму давялося вяртацца.

Такая сітуацыя колькі гадоў таму была ў гурта «Пукстбэнд», які распаўся неўзабаве пасля трыумфу на прэміі «Эксперты.by». Сяргей Пукст мяркуе, што праекты з такою складанай і нефарматнаю музыкаю, як «ТонкіХод», не вытрымліваюць ледніковага перыяду беларускага шоу-бізнесу:

«Вось ёсць пэўная кропка, якой ты дасягаеш. І, строга кажучы, лакальны рынак і лакальная структура шоу-бізнесу не прапаноўвае музыкам далейшага руху ды магчымасцяў для далейшага існавання, якое не звязанае выключна з іхным энтузіязмам».

Творчыя шляхі музыкаў паступова разыходзяцца, усе яны ўжо граюць у іншых камандах. Бубнач Андрэй Аляксеенка выступае ў гурце «Ірдарат». А вершы Уладзя Лянкевіча ды ягоны заварожвальны рэчытатыў мы пачуем у новым праекце «Эрык і я», які яны стварылі разам з музыкам Эрыкам Арловым-Шымкусам. Наваспечаны гурт рыхтуецца выступіць сёлета на фестывалі «Басовішча» ў Гарадку ў Польшчы:

«Такі дуэт, дзе ёсць электронны біт, электронныя клавішы, мая гітара, мае тэксты і, умоўна кажучы, магчыма, нешта больш сучаснае гучаннем», – адзначае Уладзь Лянкевіч.

Клавішнік Максім Субач, які ўласна пакінуў «ТонкіХод» дзеля сольнай карʼеры, таксама абяцае хутка прэзентаваць інструментальны праект, у якога пакуль няма назвы.

«Канцэпцыя праекту заключаецца ў тым, што я прыдумляю сваю музыку і запрашаю розных музыкаў, якія выконваюць пэўныя партыі. Нешта такое ў бок акадэмізму і джаза, але не без прагрэсіўнага року», – адзначае клавішнік Максім Субач.

Апошніх канцэртаў у «ТонкагаХоду» было ўжо некалькі, але гэты, здаецца, сапраўды апошні апошні, і прайшоў ён з аншлагам.

Аляксандра Дорская, «Белсат»

Фота вокладкі – novychas.by

Глядзі таксама