Губарэвіча не зарэгістравалі кандыдатам. Яго канкурэнт – былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі


Заўчасна скончылася выбарчая гонка для чарговых трох апазіцыйных кандыдатаў. Іншыя ж становяцца кандыдатамі… на выбыванне – апазіцыйным актывістам выбарчыя камісіі выносяць папярэджанні, у тым ліку і за тое, у чым вінаватыя самыя камісіі. Праз гэта павялічваюцца шанцы праўладных кандыдатаў.

Сёлетняя выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў вылучаецца нечакана жорсткім стаўленнем уладаў да кандыдатаў ад апазіцыі. Для тых, каму не адмовілі ў рэгістрацыі, знаходзяць усё новыя прычыны, каб зняць з выбарчай гонкі.

Не дамогся свайго ў судзе і Юрый Губарэвіч, якога не зарэгістравалі кандыдатам на дэпутацтва. Ад той жа акругі, ад якой хацеў балатавацца старшыня Руху «За Свабоду», у дэпутаты ідзе старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька.

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду»:

«У мяне зусім не было магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы, якія ад мяне хавала паслядоўна і акруговая, і гарадская выбарчая камісія, каб правесці ўнутраную праверку і даказаць, што гэтыя подпісы сапраўдныя. Што людзі насамрэч пражываюць там, дзе яны паставілі подпіс. Але такія доказы мы тым не менш здабылі. І суд выносіць рашэнне, што ўсё правільна, усё справядліва і ў рэгістрацыі трэба адмовіць».

Кандыдат на дэпутацтва Павел Юхневіч атрымаў другое папярэджанне ад выбарчай камісіі, што можа прывесці да ягонага зняцця з выбараў. Галоўная прычына – няўзгодненыя пікеты і раздаванне візітовак, якія камісія палічыла агітацыйным матэрыялам. 27 кастрычніка Павел Юхневіч падаў скаргу ў гарадскую выбарчую камісію, але на пасяджэнні акруговай камісіі запрапанавалі забраць у яго пасведчанне кандыдата, нават не чакаючы разгляду скаргі.

Павел Юхневіч, кандыдат на дэпутацтва:

«Пра першае парушэнне цікавы момант: мяне абвінавацілі ў тым, што мае давераныя асобы працавалі без пасведчанняў, але фішка ў тым, што на той момант пасведчанняў фізічна не было выдадзена па прычыне таго, што камісія іх яшчэ не зрабіла!»

З выбараў здымаюць яшчэ чатырох кандыдатаў ад «Еўрапейскай Беларусі» – Аксану Юшкевіч, Вольгу Мікалайчык, Арцёма Чарняка і Паліну Шарэнду-Панасюк. Да таго ж знялі кандыдата ад сацыял-дэмакратаў Уладзіслава Сыса – за тое, што навучаецца за мяжою.

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду»:

«Праўладныя кандыдаты баяцца канкурэнцыі. Прытым не толькі падчас галасавання, але і ў працэсе агітацыйнай кампаніі. Бо ім няма што адказаць людзям. А давядзецца ж перасякацца на дэбатах, перасякацца на сустрэчах з выбарцамі ў залах, на вуліцах. Яўна яны прайграюць. Таму самае проста рашэнне – гэта зачысціць канкурэнтаў».

Павел Юхневіч, кандыдат на дэпутацтва:

«Улады неяк дзіўна інтэрпрэтуюць заканадаўства пра выбары, хоць яно не змянялася з 2010 года. І калі ўзгадаць той жа 2010 год, ніхто ніякіх дазволаў не прасіў і не заяўляў – проста станавіліся пікеты там, дзе гэта можна было. Зараз у прынцыпе тое самае».

Як заяўляюць шмат якія прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і рухаў, чаканні на больш ліберальны падыход уладаў да выбарчага працэсу на фоне пацяплення ў стасунках з Захадам не спраўджваюцца.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu