Аб'ектыў 11.11.2019 «Грып – прымаю антыбіётык». Медычнае невуцтва, якое забівае


Усё бліжэй зіма, а навокал усё больш хворых на грып і прастуду. Людзі ратуюцца і народнымі метадамі, – мёдам, лімонам і малінай – і, натуральна, лекамі. Але медыкі папярэджваюць: не варта бескантрольна піць антыбіётыкі, каб перамагчы грып ці ОРВІ. Супрацьмікробныя прэпараты пашкодзяць не вірусам, а вам самым.

Да якой хваробы даводзяць мікробы? І ад чаго можна лячыцца антыбіётыкамі? Мы спыталі менчукоў:

«Супраць віруснай прастуды перадусім».

«Грып, тэмпература калі падымецца».

«Прастуда – прымаю антыбіётыкі, прастатыт – прымаю».

«ОРВІ, насмарк, кашаль, тэмпература – трэба звяртацца да лекара, і прызначаюцца антыбіётыкі, бо гэта вірусныя праблемы».

Усе гэтыя менчукі памыліліся – антыбіётык забівае і прыгнятае бактэрыі, а вірусы – не. І прымаць антымікробнае можна толькі з дазволу лекара. Таму, нават калі вашае дзіця мае кашаль і высокую тэмпературу, не гарачыцеся.

«Гэта хутчэй за ўсё вірусная інфекцыя, але вірусная інфекцыя можа перацячы ў бактэрыяльныя ўскладненні, атыт у дзіцяці або пнеўманію выклікаць. І гэта трэба аддаваць на развагу доктару, калі прапісаць антыбіётык, а калі абысціся», – папярэджвае педыятр і інфекцыяніст Мікалай Галабародзька.

Таксама нельга піць антыбіётыкі для падвышэння імунітэту. Тут яны патрэбныя як хваробе кашаль.

«Яны яго прыгнятаюць. Гэта адзін з пабочных эфектаў антыбіётыкаў. Гэта не вітаміны, не святая вада, не глыток здароўя, а таксічныя прэпараты, якія нашыя сябры ў тых выпадках, калі яны патрэбныя», – распавядае Ганна Горбань, намесніца дырэктара кіеўскай клінікі «Борис».

Але сяброўства – да канца! Да канца прапісанага курсу.

«Калі мы заўчасна кідаем піць антыбіётык, то мікробы, якія не да канца падавіліся, могуць развіць устойлівасць да гэтага антыбіётыка, і ў наступны раз мікроб можа быць устойлівы, і антыбіётык не падзее», – тлумачыць Мікалай Галабародзька.

З усяго свету прыходзяць паведамленні пра супербактэрыі, устойлівыя амаль да ўсіх антыбіётыкаў. Мікроб-недабітак не проста трэнуе рэзістэнтнасць, але і дзеліцца генамі ўстойлівасці са сваймі братамі па інвазіі. Даходзіць і да ампутацыяў, і да смяротных вынікаў. Чалавецтва спрабуе адбівацца.

«Ёсць адмысловая праграма Сусветнай арганізацыі здароўя сусветнага маштабу, якая навучае лекараў, у якіх выпадках прызначаць антыбіётыкі. Вельмі змяніліся пратаколы прызначэння», – кажа Ганна Горбань.

У Беларусі не толькі абмежавалі продаж без рэцэпту амаль усіх антыбіётыкаў, змяняецца і стаўленне людзей. А для лекараў праводзяць адмысловыя курсы падвышэння кваліфікацыі.

«Я яшчэ заспеў тыя часы, калі ў чалавека здараўся панос, і першым адказам быў леваміцэтын», – усміхаецца Мікалай Галабародзька.

Захоўвайце спакой, кансультуйцеся з лекарамі, а калі хтосьці прапануе вам лячыць ангіну піццём мачы або агуркамі – халера яго бяры!

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары