«Грошай у іх нямерана, а нам акурат не хапае». Беларусы пра палітычную супрацу з ЗША


Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў усё ж прыляціць у Беларусь, хоць і на месяц пазней, чым планавалася. Як мяркуюць эксперты «Белсату», асноўныя пытанні візіту Майка Пампэёў – дэмакратыя і бяспека ў рэгіёне ды ўзнаўленне дыпламатычнага дыялогу.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў не прыляцеў у Беларусь на пачатку студзеня праз эскалацыю канфлікту з Іранам. У гэтыя дні ён наведвае Паўднёвую і Цэнтральную Амерыку, выступае за тое, каб рэжымы «спынілі рэпрэсіі, аднавілі асноўныя грамадзянскія свабоды і падтрымалі свабодныя і сумленныя выбары».

1 лютага дзяржсакратар ЗША наведае Беларусь, дзе сёлета будуць чарговыя прэзідэнцкія выбары з удзелам лідара, які не ўкрывае, «што датычыць аўтарытарнасці ці элементаў аўтарытарнасці нашай улады, то вы абсалютна маеце рацыю».

Збліжэнне з Вашынгтонам – афіцыйна ў ліку дыпламатычных дасягненняў года. У 101 дзень народзінаў беларускай дыпламатыі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Міністэрству Замежных справаў за інтэграцыю Беларусі ў сусветную эканамічную сістэму.

Інтэграцыю з расейскаю эканамічнай сістэмаю на працягу года ўзначальваў не МЗС, а сам Лукашэнка. Ён жа яе прытармазіў, не атрымаўшы ільготных коштаў на нафту і газ:

«Прынята рашэнне закупіць будзь то Азербайджанскую, Саудаўскую, Нарвежскую, Амерыканскую, не важна якую нафту па міравых коштах».

Высокаму амерыканскаму госцю давядзецца высветліць, ці Беларусь пайшла на паглыбленую інтэграцыю добраахвотна (то бок без эканамічнага шантажу з боку Расеі). Бо ў іншым выпадку Вашынгтон прызнае нелегітымнымі дасягнутыя Менскам і Масквою дамоўленасці, кажа палітолаг Андрэй Ягораў і тлумачыць ролю Украіны і Беларусі:

«Яны з’яўляюцца краінамі, ад якіх залежыць канфігурацыя рэгіянальных адносінаў тут. І незалежнасць Беларусі ды Украіны – вельмі важная рэч, таму што яны абмяжоўваюць імперскія памкненні Расеі».

У Менск Пампэёў прыляціць пасля Кіева. Апроч геапалітычнага, палітыкі абмяркуюць пытанне аднаўлення дыпламатыі. Летась, праз 11 гадоў, Менск зняў абмежаванне на колькасць супрацоўнікаў амбасады ЗША. А сёлета бакі маюць абмяняюцца амбасадарамі.

«Мяркую, што хутчэй за ўсё гэта будзе дастаткова вузкая на першым этапе супраца, падтрымка традыцыйных формаў супрацоўніцтва», – разважае аналітык Цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя» Андрэй Ягораў.

Цяпер наш гандлёвы абарот з ЗША – няпоўныя 3 адсоткі. На падобным узроўні інвеставанне. Досыць буйное адно донарскае падтрыманне дзяржаўных сацыяльна-эканамічных праграмаў.

Прычыны ўзнаўлення стасункаў з заакіянскаю дзяржаваю для большасці апытаных у Барысаве апынуліся загадкавымі. Для рэшты:

«ЗША схіляць Беларусь на свой бок, каб канчаткова разарваць з Расеяй».

«Можа хочуць нагадзіць Расеі, толькі дзеля гэтага».

«Я думаю, што яны мусяць знайсці куды ў нас укласці свае інвестыцыі. Грошай у іх нямерана, а нам іх акурат не хапае».

Заходніх грошай у Беларусі паболела за кошт саюзніка ЗША – Еўразвязу, які пасля анексіі Расеяй Крыму адышоў ад санкцыяў супраць афіцыйнага Менску, нагадвае аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў:

«Раней прыярытэтам была дэмакратыя і правы чалавека, а таму і змена ўлады ў Беларусі. Цяпер прыярытэтам сталася незалежнасць Беларусі і суверэнітэт. Калі дзеля гэтага трэба ісці на пэўны кампраміс з дзейнаю ўладаю Беларусі, то Захад вырашыў на гэтыя кампрамісы ісці».

Ад 2015 года вырасла колькасць праграмаў у розных галінах: ад экалогіі і адукацыі да малога бізнесу, а летась адбыліся першыя афіцыйныя візіты кіраўніка Беларусі ў еўрапейскія краіны.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Абноўлена
Трамп прапанаваў абмежаваць уезд у ЗША грамадзянам сямі краін. Беларусь у спісе
2020.01.22 10:57