Грамадскія актывісты, якія збіраюць подпісы для законапраекту супраць хатняга ґвалту, заклікаюць беларусаў далучыцца і ўзмацніць высілкі. Каб спыніць збіццё, схаванае ў сем’ях. Чаму грамадская ініцыятыва важная для Беларусі?
Чэрапна-мазгавыя траўмы, часткова спаралізаваная рука… З 16-гадовага ўзросту Аліну збіваў старэйшы брат.
«Калі ён мяне душыў у палажэнні лежачы, вельмі цяжка было вызваліцца ад рук», – успамінае Аліна, пацярпялае ад хатняга гвалту.
Яшчэ цяжэй, калі агрэсар нападае з-за спіны. Аліна, пацярпялае ад хатняга гвалту, гаворыць:
«Я хадзіла з гематомамі на твары. Маці была на ягоным баку… То бок у маёй сям’і лічылася, што я яго правакую».
Часовы прытулак Аліна знайшла ў шэлтэры «Радзіслава» – сховішчы для пацярпелых ад хатняга гвалту, адрас якога ў таямніцы.
«Няма аніякага адмысловага сацыяльнага, гендарнага і ўзроставага партрэту людзей, якія пакутуюць праз гвалт. Досвед такіх арганізацыяў як нашая, паказвае што абсалютна ў любым узросце, з любымі прыбыткамі і любою адукацыяй, месцам пражывання (гарадскія і вясковыя)… людзі сутыкаюцца з гэтай сітуацыяй», – тлумачыць Вольга Гарбунова, прытулак для ахвяраў гвалту «Радзіслава».
Менск, Магілёў, Марʼіна Горка, Бараўляны – грамадскіх абʼяднанняў у дапамозе пацярпелым вельмі няшмат. Геаграфія вельмі вузкая, а праблема датычыць усёй краіны.
Паводле сёлетніх даследаванняў Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі Навук, кожная другая беларуска прынамсі раз зазнала гвалт. Кожная трэцяя, (ці каля двух мільёнаў!) была ў сітуацыі хатняга гвалту – кажуць адмыслоўцы Інстытуту сацыяльна-палітычных даследаванняў БДУ.
«Пакуль жанчына будзе разумець, што адзіная мера пакарання агрэсара – гэта штраф з агульнага сямейнага бюджэту – яна не будзе выклікаць міліцыю. Калі дзіця ў сямʼі, яна будзе баяцца згубіць дзіця, каб не забралі ў прытулак», – каментуе Вольга Гарбунова, прытулак для ахвяраў гвалту «Радзіслава».
Дзяржава перастала займацца законапраектам у (абарону пацярпелых ад гвалту, але грамадскія ініцыятывы мацнеюць. У інтэрнэце ідзе збор подпісаў пад адмысловай Петыцыяй.
У сталіцы гасцей прымае выстава «Традыцыйныя каштоўнасці», прымеркаваная да міжнароднай кампаніі «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту».
Вартаю законапраекта гэтую тэму кіраўнік краіны не лічыць. Нават у кантэксце гвалту над дзецьмі пазіцыю займае не ўзорную. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:
«І ня пляснуць, а добрага рамяня даць таксама часам карысна для дзіця. Не для ўсіх канешне! Я не прыхільнік таго, каб наказваць дзяцей. Але Віктар часта атрымліваў ад мяне, як старэйшы».
Хто, за што і як часта заслугоўвае рамяня і здзекаў – надалей маюць вырашаць дарослыя. Малое і фізічна слабейшае, дзіця ня можа абараніцца. Жыхары Менску:
«Гвалт выклікае гвалт. Таму ў выхаванні лепш дамаўляцца з дзіцём».
«Трэба размаўляць і тлумачыць, я ніколі не біла дзяцей, таму не ўяўляю».
«Але калі да яго не даходзіць, то магчыма даводзіцца і радыкальныя нейкія захады выкарыстоўваць».
«Зараз не. Але потым… мы разглядаем такі варыянт, што патрэбна будзе».
Прызнайся ў Еўропе, што ты стукнуў дзіця, ці жонку – у першым выпадку можаш пазбавіцца бацькоўскіх правоў, у другім – заплоціш штрафам ці зняволеннем.
Пра Міжнародны дзень барацьбы супраць гвалту над жанчынамі ведаў кожны еўрапеец. Бо ўсюды ішлі шматлюдныя дэманстрацыі, а будынкі выканаўчай улады свяціліся памаранчавым колерам, які сімвалізаваў адпаведны сігнал святлафора – спыненне гвалту ў дачыненні жанчын.
Прэзідэнт Еўрапарламенту Антоньё Таяні прамовіў, малюючы чырвоную рысу пад вокам:
«Не нармальна казаць, што гвалт – гэта нармальна. Кампанію супраць гвалту ў дачыненні жанчын Еўрапарламент цалкам ухваляе!»
Хоць у агульнасусветнай статыстыцы пытанне выглядае смутна. Летась у свеце аулам забілі 87 тыс кабет. Больш за палову ад агульнай колькасці забітых – сталіся ахвярамі блізкіх асобаў. Усё як у выпадку пацярпелай ад гвалту Аліны, якую ўжо пазней крыўдзіў муж ейнай сястры, і яна ўпадала ў ступар, ня могучы знайсці словаў, каб абараніцца.
Юлія Цяльпук, belsat.eu