Грамадскага актывіста дэпартавалі ў Расею без суда


Вывезлі за межы Беларусі ды выкінулі на першай аўтазапраўцы ў Расеі – гэтак дэпартавалі расейскага грамадзяніна і жыхара Баранавічаў Алега Малашчанку. Сям’я вайсковага пенсіянера – жонка і двое непаўнагадовых дзяцей – засталіся дома без сродкаў да існавання. Родныя заяўляюць, што выгнанне Алега Малашчанкі стала помстай уладаў за ягоную грамадзянскую пазіцыю і грамадскую актыўнасць усёй сям’і. Падрабязнасці ў Галіны Абакунчык.

Алега Малашчанку забралі з працоўнага месца на авіярамонтным заводзе ў Баранавічах, а менш чым за суткі ён быў ужо далёка ад дому, узгадвае жонка Таццяна.

«Сказалі: у Смаленск павязём, а выкінулі на першай жа запраўцы пасля беларускай мяжы. Ніякіх памежных пераходаў яны не праязджалі – бандыцкім спосабам, чыста бандыцкім спосабам – як яны і казалі: высадзім у чыстым полі без дакументаў і без грошай».

Сям’я Малашчанкаў – грамадзяне Беларусі ды патомныя жыхары Баранавічаў, дзе і жывуць з 2004 года. Спадар Алег – вайсковы пенсіянер, і расейскае грамадзянства ён атрымаў яшчэ падчас службы. Цяпер без сродкаў на жыццё ў ягонай сям’і засталіся дзве няпоўнагадовыя дачкі.

«Хачу, каб ён вярнуўся, бо мне падабалася, калі ён сустракаў мяне са школы, калі мы з ім гулялі», – кажа Багуслава Малашчанка.

«Бацька ў нас жартаўнік, і я лічу, што трэба неяк… ну, жартаваць, бо гэта ўсё ж падымае дух» – усміхаецца Ядвіга Малашчанка.

Малашчанкі-старэйшыя вядомыя ў Баранавічах грамадска-палітычныя актывісты: пасля выбараў спадар Алег разам з працаўнікамі авіярамонтнага заводу патрабаваў адстаўкі Лукашэнкі. Выгнанне з Беларусі – помста ўладаў, за іх актыўнасць, перакананая Таццяна.

«Апошнім часам мы вельмі мала бачылі законнасці ва ўсім нашым жыцці. Пачынаючы з 9 жніўня, ёсць парушэнні законаў і прававы дэфолт. І таму мы нават не ведаем, як у гэтай сітуацыі быць».

Днямі Таццяна Малашчанка атрымала адказ з абласнога суда ў Берасці на заяву, якой сям’я абскарджвала рашэнне баранавіцкай міліцыі пра дэпартацыю. Суд прыпыніў выкананне гэтага рашэння да судовага разгляду, але Алега Малашчанку выгналі ў Расею значна раней.

«Уладзе патрэбныя людзі неактыўныя, які ўсім задаволеныя. Таму высылаюць усялякімі законнымі і паўзаконнымі спосабамі. Гэтак стараюцца актыўных людзей выслаць за межы Беларусі», – кажа праваабаронца Аляксандр Вайцешык.

Малашчанкі не маюць у Расеі сваякоў, таму цяпер спадаром Алегам апякуюцца маскоўскія праваабаронцы. Судовае паседжанне ў справе дэпартацыі Алега Малашчанкі ў Берасці прызначанае на 14-га студзеня.

Галіна Абакунчык, Белсат