Аб'ектыў 05.12.2019 Гомельцы зноў змагаюцца за яблыневы сад


У Гомлі плануюць забудаваць яблыневы сад. Для жыхароў ён важны і як памяць, і як сквер, дзе можна адпачыць. 4 снежня адбылася прэзентацыя праекту кавярні фаст-фуду, якуя мусіць з’явіцца на ўскрайку саду.

Фаст-фуд замест яблыневага саду. Кавалак зялёнай зоны пад забудову прадаў на аўкцыёне Гомельскі гарвыканкам. Праект рэстарацыі каля скрыжавання вуліцаў Фадзеева і Яфрэмава ўжо гатовы.

«Пасаджаныя дрэвы, два гады таму прыняліся. Для чаго іх садзілі, для каго?»

«Мне не трэба рэстарану. Мне трэба зялёная зона, каб я выйшла, пасядзела, паадпачывала», – кажуць жыхары Гомля.

Але пытанне «Будаваць ці не будаваць?» цяпер ужо не стаіць. Падчас абмеркавання і прэзентацыі праекту мясцовыя жыхары маглі толькі выказаць свае заўвагі адносна аб’екту.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Гэта нам не трэба абсалютна, абсалютна не трэба! Я лепш палюбуюся квітучай яблыняй, чым вось гэтым усім. Навошта яно мне трэба?»

Замоўнік праекту сцвярджае: пра тое, што частка жыхароў была супраць пабудовы тут кавярні, даведаўся толькі цяпер, падчас прэзентацыі:

«Калі купляў гэты аб’ект, мяне ўвогуле ў прынцыпе не інфармавалі, што тут ёсць нейкія дадатковыя паўсталыя пытанні. Я прадугледжваў гэта як гандлёвы комплекс, працяг гандлёвага шэрагу».

Гаворка пра гандлёвыя шэрагі «Сяльмашаўскія», непадалёк якіх і плануецца будова. Што ж да сустрэчы, жыхары засталіся ёй незадаволеныя.

«Прысутныя зацікаўленыя асобы ўжо абмяркоўваюць так, быццам аб’ект у гэты момант пабудаваны. То бок яны думаюць, што справа ўжо выйграная, хоць гэта не так», – гаворыць жыхар Гомля Зміцер Бабанін.

Жыхары кажуць, што некалькі гадоў таму гарвыканкам ужо вылучыў частку саду пад забудову, але абʼект так і застаўся даўгабудам. Атрымалася, як той кажа, ні сабе, ні людзям.

«Рынак хацелі запчастак рабіць. Ну вось зрабілі. Ужо колькі? Гады чатыры напэўна. І так яно ўсё і памрэ», – распавядае жыхар Гомля.

Зялёную зону ў гомельскім раёне Сяльмаш запраектавалі яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя як санітарны кардон паміж заводам «Гомсельмаш» і жылою забудовай. Летась на іншай частцы саду гомельскія ўлады планавалі пабудаваць жылы дом. Але мясцовыя жыхары зладзілі пратэст, і планы чыноўнікаў змяніліся.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары