Гомельскія бацькі хочуць, каб іхныя дзеці сустракалі Новы год па-беларуску


Замест карагодаў вакол ялінкі – традыцыйныя беларускія калядкі з Казой і Мядзведзем. Філіял Веткаўскага музею паказаў малым гасцям, як спрадвеку ў Беларусі сустракалі Новы год.

«Тое што сталася традыцыяй для музею – гэта прапанова з боку беларускамоўных бацькоў, каб адвесці дзяцей на ялінку, дзе з імі будуць размаўляць па-беларуску, дзе былі б казачныя героі па-беларуску, дзе яны каляды пабачаць», – распавядае загадчык філіялу Веткаўскага музею Пятро Цалка.

На святочную ялінку завітаў Зюзя – магчыма, далёкі сваяк Дзеда Мароза і Санты, але свой, беларускі.

«З аднаго боку дзеці пазнаюць аўтэнтычную культуру, з іншага – самі ўліваюцца. Мы не садзім іх у шэраг на зэдлікі, а ствараем прастору, накрываем дыванкамі, каб дзеці адчувалі сабе ўтульна», – працягвае Пятро Цалка.

Але галоўны персанаж беларускіх калядак – Каза, якая памірае і вяртаецца да жыцця. Гэтым разам яна акрыяла, бо атрымала ад дзяцей слодычы.

«На гэтую ялінку мы прыйшлі, таму што трэба весці дзяцей да беларускай культуры, а ў нашым горадзе вельмі мала беларускага», – мяркуе Аляксандра, матуля.

Скончылася казачная імпрэза беларускаю спрадвечнаю традыцыяй – батлейкаю пра цара Ірада, які хоць і спрабаваў забіць народжанага Збаўцу, але без поспеху.

Наста Ільіна, belsat.eu