Гомельскі радыёзавод будзе працаваць толькі тры дні на тыдзень


Горадаўтваральныя прадпрыемствы савецкага перыяду ўсё часцей адчуваюць складанасці. Вось і вядомы ў свой час «Гомельскі радыёзавод» цэлае лета будзе працаваць толькі тры дні на тыдзень. Чаму айчынныя прадпрыемствы, «выратаваннем» якіх гэтак ганарыліся ўлады Беларусі, няспынна сутыкаюцца з крызісам? Ды чаго ад гэтых нярадасных зменаў чакаюць самыя працаўнікі?

На адным з буйнейшых прадпрыемстваў – Гомельскім радыёзаводзе – з першага чэрвеня да 31-га жніўня работнікаў перавядуць на трохдзённы працоўны тыдзень. Адна з прычынаў складанага стану – адсутнасць у прадпрыемства замоваў. Скарачэнне працоўнага тыдня моцна пагоршыць іх матэрыяльнае становішча, – кажуць працаўнікі. Праўда, апавядаць адкрыта на камеру баяцца. Як адаб’ецца кароткі тыдзень на іхнай кішэні?

Працаўнікі Гомельскага радыёзаводу кажуць:

«Моцна. Амаль… Ну, на трэцюю частку атрымліваецца».

«Атрымліваць будзе няма чаго, а ўсіх карміць трэба, крэдыты плаціць трэба, цяжкавата будзе».

Прадстаўнік прафсаюзнага камітэту радыёзаводу глядзіць на праблемы прадпрыемства як на часовыя цяжкасці. І не бачыць парушэння правоў працоўных.

«У загадзе напісана – пункт тры, мне здаецца, – што дазволіць у сувязі з вытворчай неабходнасцю прыцягваць да працы гэткіх супрацоўнікаў паводле зацверджаных спісаў (кепска чутно). Практычна ўціску няма. А так, каб мы пайшлі на трохдзёнку і замкнулі на свірнавы замок – такога няма», – адзначае старшыня прафсаюзнага камітэту радыёзаводу Сяргей Мусьянаў.

Адмыслоўцы, якія ведаюць вытворчасць, лічаць, што стан прадпрыемства – гэта вынік памылковай палітыкі ўладаў Беларусі, якія дагэтуль не ўкладалі фінансавых сродкаў у развіццё галіны і не выпрацавалі эканамічнай праграмы.

«Таму цяпер вось гэтае высокатэхналагічнае прадпрыемства фактычна загінаецца. І якіх бы дырэктараў ці менеджараў сюды б ні ставілі – не справяцца, бо гэта сістэмная памылка, сістэмны крызіс, які загнаў гэтае прадпрыемства ў багну эканамічную», – адзначае Андрэй Толчык, былы працаўнік Гомельскага радыёзаводу.

Старшыня незалежных прафсаюзаў перакананы, што менавіта захаванне савецкай мадэлі прамысловасці ёсць прычынай эканамічных цяжкасцяў і скарачэння працоўнага тыдня. І датычыць гэта ўсёй галіны.

«Іх прадукцыя сёння не запатрабаваная на рынку. Яны неканкурэнтаздольныя. Гэта можна казаць і пра Гомельскі радыёзавод, і пра шэраг іншых прадпрыемстваў галіны. І, вядома ж, вось гэтыя высокатэхналагічныя прадпрыемствы чакаюць наперадзе цяжкія часы, і іх працаўнікоў таксама», – кажа Аляксандр Ярашук.

А пакуль спрачаюцца аб глыбіні крызісу, рабочыя дакладна бачаць, што ім трэба рабіць.

«Ну, трэба мяняць месца працы. Гэта дакладна»

Ігнат Барэйка, «Белсат»