Гомельскі музыка арганізуе паказы «Кіно на роднай мове»


Фільмы па-беларуску, ды яшчэ і бясплатна! Штонядзелю гомельцы ды госці гораду маюць магчымасць супольна праглядзець тую ці іншую стужку ў беларускамоўным перакладзе. На адным з такіх праглядаў пабываў Алег Рудавусаў.

Ініцыятыву «Кіно на роднай мове» заснаваў малады гомельскі музыка Сяргей Філінскі супольна з арт-салонам «Cup of peace».

Сяргей Філінскі, арганізатар паказаў «Кіно на роднай мове»:

«Я разлічваў, каб людзі глядзелі фільмы тут, а потым ведалі, дзе іх знайсці, і глядзелі ўжо ўдома, каб у сямейным коле можна было паглядзець фільм на беларускай мове замест рускай».

Дагэтуль паглядзець з беларускім агучваннем вядомыя ўсім стужкі гомельцы маглі ў Цэнтры беларускай мовы. Там Сяргей і даведаўся пра такую магчымасць і пастанавіў: беларускамоўных паказаў шмат не бывае. «Кіно на роднай мове» паказвае сучасныя стужкі, такія як «Маленькі прынц», «Гравітацыя» або, як гэтым разам, оскараносную «Зялёную кнігу».

«Я ўвогуле люблю беларускамоўныя фільмы, але не заўжды атрымліваецца. Гэты фільм я глядзеў у расейскай агучцы і хацеў паглядзець у беларускай. Абсалютна выпадкова знайшоў у інтэрнэце інфармацыю, што тут сёння будуць паказваць гэты фільм. Думаю: «Чаму б не схадзіць?»

«Я не бачыў гэты фільм і на расейскай мове, таму мне было цікава. Прыемна, калі ў нас культура адраджаецца, маленькімі крокамі, але… прыемна, таму я і прыйшоў. Калі б было па-руску – то я, можа быць, удома б паглядзеў гэта кіно», – дзеляцца наведнікі паказу.

Які фільм будзе наступным, арганізатары не прызнаюцца – пакуль сюрпрыз. Затое распавядаюць, што хутка ў Гомлі з’явіцца яшчэ адна прастора для маладых, таленавітых і амбітных – вагончык «Жоўтая падлодка», каля якога таксама абавязкова будуць беларускамоўныя фільмы, музыка і шмат цікавостак. Таму сачыце за навінамі!

Алег Рудавусаў, belsat.eu