«Гомельпрамбуд» цягам 5 гадоў хлусіў працаўнікам


Перад судом замест групы падтрымання з былых калег, якія аказаліся ў той жа сітуацыі, што і наш герой, – толькі наш карэспандэнт.

Ігар Жалезнякоў, былы рабочы «Гомельпрамбуд»:

«Не ведаю, магчыма, проста пабаяліся».

Апроч Ігара Жалезнякова яшчэ 7 работнікаў «Гомельпрамбуду» ўлетку выявілі памылкі: прадпрыемства цягам пяці гадоў не дадавала да адпачынку часу за працу ў шкодных умовах. У выпадку Ігара гэта прынамсі 10 дадатковых дзён. Патрабаванні працаўнікоў кіраўніцтва ігнаравала, таму Ігар у чэрвені звольніўся і падаў у суд. Павел Галавацкі, праваабаронца (Гомель), каментуе:

«Былі парушаны артыкулы 58 і 78 Працоўнага кодэксу. З моманту звальнення яму не была выплачаная своечасова заработная плата, працоўны адпачынак, а таксама не была праіндэксаваная заработная плата да працоўнага адпачынку».

Усё праз фактычнае банкруцтва колішняга прадпрыемства-гіганта. На судзе наймальнік прызнаў няўлік 10 дзён адпачынку, але адмаўляецца індэксаваць выплаты. Паводле адказніка, запазычанасць складае 120 рублёў. Сяргей Шэршняў, галоўны інжынер «Гомельпрамбуд»:

«Эканоміка. Проста ў нас арыштаваныя рахункі, бо нявыплачаныя падаткі. А калі падаткі нявыплачаныя – то ўсё спыняецца».

Наступнае паседжанне – 13 кастрычніка. Працадаўца пратэрмінаваў выплату заробку на 90 дзён, што можа каштаваць яму больш за 3 тысячы рублёў.

Алесь Залеўскі, belsat.eu