Гомель: за разбураны дзяржавай двор прымушаюць плаціць людзей


Меўся быць новы трубаправод, а зʼявілася балота і нязносныя ўмовы. Жыхары вуліцы Свірыдава ў Гомлі кажуць, што ўжо паўгода пакутуюць ад працаў, якія вядзе «Гомельаблцепласетка».

МАЁР ПІВАВАРАЎ, ЖЫХАР ВУЛІЦЫ СВІРЫДАВА:

«Няма такіх словаў, якімі можна абазваць гэтых начальнікаў, якія займаюцца трубаправодамі».

Знішчаныя дзіцячая пляцоўка, ходнікі і зялёная зона. Усё гэта – наступствы рэалізацыі праекту, які афіцыйна называецца«Мадэрнізацыя ўчастку цеплавой сеткі».

ЖЫХАРЫ ВУЛІЦЫ СВІРЫДАВА:

«Усё паламалі. Што гэта такое!!!! Калі яны гэта зробяць?»,

«Раскапалі ўсё, з дзецьмі не выйсці. Ні пагуляць, нічога. Выйдзеш – па калена ў гразі»,

«Нязручна маладым мамам, нязручна дзецям на роварах. Зараз будзе зіма, будзе яшчэ горш. Будзе слізка і яміны».

Адметна, што на пашпарце абʼекту няма ні даты пачатку працаў, ні канца рэалізацыі праекту. А такое становішча не адпавядае прынЯтым нормам. Абураныя людзі не аднойчы звярталіся да выканаўцаў мадэрнізацыі цеплавой сеткі з патрабаваннямі даць адказ: калі на іхную вуліцу вернецца доўгачаканы лад?

ЖЫХАРКА ВУЛІЦЫ СВІРЫДАВА:

«Я тэлефанавала гэтаму Гайдуку ці як яго там. Ён сказаў, што вясною. А што да вясны?»

Пасля таго, як на Свірыдава зʼявіліся журналісты, інфармацыя наконт канца мадэрнізацыі пачала змяняцца. У сённяшняй размове з »Белсатам« адказны за вытворчасць працаў Алег Гайдук паінфармаваў, што добраўпарадкаванне тэрыторыі адбудзецца яшчэ да канца гэтага года. Ці верыць гэтым словам – людзі не ведаюць. Але дакладна вядома, чаго жыхары Свірыдава сёлета і пазней не дачакаюцца. Ужо трыццаць гадоў тут няма нармальнае дарогі. Шматлікія просьбы зацікаўленых дасюль ігнаруюцца.

МАЁР ПІВАВАРАЎ:

«Начальнік домаўпраўлення адказвае: вы дваравая гаспадарка і мусіце за свае грошы рабіць. Мусіце складвацца, каб адрамантаваць дарогу».

Вядома, што за свае грошы дарогу жыхары вуліцы пабудаваць не здолеюць.

ТАМАРА ЯКІМЧЫК, ЖЫХАРКА ВУЛІЦЫ:

«Я ўсё на сваю слепату перакладваю. Дачка вядзе дык зігзагам даводзіцца ісці»

І не выключана, што новае дарогі на вуліцы Свірыдава давядзецца чакаць ці не наступныя трыццаць гадоў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»