Год Сяргея Румаса. Ці прэм'ер апраўдаў надзеі?


Грандыёзныя планы, але не такія вялікія дасягненні. Гэтак эксперты ацэньваюць гадавы вынік працы Савету Міністраў пад кіраўніцтвам Сяргея Румаса. Летась з яго прызначэннем на пасаду звязвалі надзеі на рэформы ў дзяржаўным сектары. Чаму прэм’ер гэтак і не здолеў выцягнуць айчынную эканоміку?

Фінансіст з вялікім стажам кіравання банкамі і прыхільнік рынкавай эканомікі. Сяргей Румас роўна год таму замяніў на пасадзе прэмʼера Андрэя Кабякова. Аднак ці змянілася да лепшага за гэты час айчынная эканоміка? Сяргей Нікалюк, палітолаг:

«Трэба аддаць належнае Аляксандру Рыгоравічу… Тыя погляды, якія ён прапагандаваў яшчэ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 1994-м, ён рэалізуе і цяпер. І ў гэтых поглядах роля ўраду – гэта чыста тэхнічны элемент. І ніякай ролі ён асабліва не адыграе».

У той час, як амаль палову ВУП Беларусі забяспечвае сфера паслуг, прадпрыемствы на балансе дзяржавы становяцца больш стратнымі, адзначае Сяргей Нікалюк. Дасягнуць паказніка росту ВУП паводле леташняга плану ўраду гэтак і не ўдалося. Па выніках другога кварталу павелічэнне склала толькі паўадсотка (0,5 %). Да таго ж Беларусь узначаліла спіс найбуйнейшых даўжнікоў Расеі, абышоўшы нават суседнюю Украіну.

Алег Мазоль, эканаміст:

«Пакуль гэты паказнік застаецца ў межах запланаванага парогу, то гэта не ёсць нейкай істотнай пагрозай для выплатаў па гэтай пазыцы. Але праблема ў тым, што гэтыя грошы вылучаліся на неэфектыўныя праекты».

А таму Беларусь не здолела своечасова вярнуць крэдыты Расеі, кажа эканаміст. Між тым, камандзе Румаса ўдалося дасягнуць пэўнай эканамічнай стабільнасці, адзначае Алег Мазоль. Гэтак, напрыклад, сярэдні заробак па краіне хаця і не нашмат, аднак апераджае інфляцыю. З пачатку года цэны ў Беларусі павялічыліся крыху больш, чымся на тры адсоткі (3,1 %). Перадусім за кошт падаражэнняў у сферы паслуг.

«Паколькі сфера паслуг, гэта ў асноўным рост коштаў на паслугі ЖКГ, ён звычайна павялічваецца ў першай палове года, не бачу дадатковых фактараў, што б дазволілі вырасці больш за запланаваны паказнік, які ўсталяваў для сябе Нацбанк», – тлумачыць Алег Мазоль, эканаміст.

А як ацэньваюць эфектыўнасць працы ўраду самыя грамадзяне і ці ведаюць, хто на чале Савету Міністраў?

«У мяне вельмі дрэнная памяць на прозвішчы. Прозвішча ў яго такое цікавае. Наколькі абавязкі выконвае – гэта ўжо не мне, гэта кіраўніку краіны вырашаць».

«Не ведаю, праўда. Як па мне, нічога асабліва не змянілася, нейкіх зменаў звычайныя людзі, мне здаецца, не моцна адчуваюць. Як жылі, на такім жа ўзроўні эканамічным і жывем».

«Румас. Імя і прозвішча забыла. Што вам сказаць наконт выканання абавязкаў. Думаю, што спраўляецца, калі б не спраўляўся, то кіраўнік краіны даўно б ужо з ім разабраўся», – кажуць жыхары Віцебску.

Пры існых тэмпах эканомікі выканаць праграму наступнай пяцігодкі і дасягнуць патрэбнага абʼёму ВУП – 100 мільярдаў долараў – не ўдасца, адзначае Алег Мазоль. Між тым Нацыянальны банк прагназуе паслабленне фактараў інфляцыі, што прынамсі налета абяцае забяспечыць захаванне ці невялікі рост даходаў насельніцтва.

Юлія Лабанава, belsat.eu