Год са дня смерці Алеся Ліпая – заснавальніка інфармагенцтва БелаПАН


Сёння спаўняецца год са дня смерці заснавальніка першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая. Паэт і журналіст сышоў заўчасна з жыцця ва ўзросце 53 гадоў.

«У гэтым кабінеце Алесь працаваў, тут у гэтым фатэлі сядзеў, за гэтым сталом працаваў, мы тут адмыслова пакінулі такі мемарыяльны куточак. Усё захавалася так, як было пры Алесю, толькі з’явіўся ягоны партрэт», – паказвае працоўнае месца Ліпая сённяшні дырэктар БелаПАНу Дзмітрый Наважылаў.

Алесь Ліпай застаецца для калегаў адной з самых уплывовых асобаў у беларускай журналістыцы. У 25 гадоў ён заснаваў першае ў краіне незалежнае інфармацыйнае агенцтва.

«Ён вельмі глыбока перажываў усё, што было звязана з БелаПАНам. Ён песціў БелаПАН, расціў БелаПАН і адпаведна вельмі глыбока перажываў усе бязладдзі, якія адбываліся», – кажа Наважылаў.

Да першай гадавіны смерці калегі запусцілі кампанію збору сродкаў на помнік журналісту. Больш за 200 чалавек разам ахвяравалі неабходныя 10 тысяч рублёў.

«Гэта можа стаць адказам краіны, адказам людзей, якіх ён так любіў і для якіх стараўся, каб мы разам ушанавалі ягоную памяць. Каб гэта быў не помнік сямейны або карпаратыўны, каб гэта быў помнік сапраўды народны», – распавядае сябар Алеся журналіст Андрэй Аляксандраў.

За 28 гадоў працы БелаПАНу ў офісе рэдакцыі прайшоў не адзін ператрус. Ціск узмацніўся асабліва ў апошнія месяцы жыцця Алеся Ліпая. У чэрвені Камітэт дзяржаўнага кантролю распачаў крымінальную справу супраць журналіста паводле факту ўхілення ад выплаты падаходнага падатку.

У жніўні адбыліся шматлікія ператрусы і затрыманні журналістаў у справе БелТА. Сярод іх – і супрацоўнікі БелаПАНу. Следчы камітэт завёў крымінальную справу за нібыта несанкцыянаваны доступ да кампʼютарнай інфармацыі. Праз некалькі месяцаў справы супраць журналістаў спынілі.

«Так, ён хварэў, але думаю, што ён мог пратрымацца яшчэ доўга, калі б не гэтыя два такія моцныя ўдары, якія цягам некалькіх месяцаў ён атрымаў ад праваахоўных органаў», – гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

«Характар Алеся, ён увогуле ва ўсім БелаПАНе прысутны. Вось гэтая імклівасць, хуткасць, імпэт, які быў у Алеся, ён характарызуе цалкам усю кампанію БелаПАН», – мяркуе галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава.

Імя Алеся Ліпая знаёмае бадай кожнаму ў беларускім медыйным асяродку. Сэрца паэта і журналіста спынілася год таму праз цяжкую хваробу.

Наста Кахановіч, belsat.eu