Глядзіце, што прыдумаў вазочнік з Мазыра, каб выходзіць з кватэры


Віталь Кавалёў з Мазыра распрацаваў сістэму выхаду з кватэры на другім паверсе пасля таго, як праблеме не далі рады чыноўнікі. Фота – «Белсат»

Не дамогшыся дапамогі ў профільных арганізацыях, інвалід-вазочнік з Мазыра Віталь Кавалёў самастойна збудаваў пад’ёмную канструкцыю, каб выходзіць з другога паверху.

На свабоду вазочнік Віталь Кавалёў з Мазыра вырываецца з даваеннага бараку, у якім жыве, раз на тыдзень праз вакно. Пакрыўджаны на чыноўнікаў, якія не дапамаглі з рашэннем праблемы перасоўвання, гэткі спосаб мужчына прыдумаў сам.

«Не ведаю, як супакоіцца. Вось пасадзіць бы іх у гэтае затачэнне, у пакой і каб не выходзіць… Як бы яны на гэтую сітуацыю паглядзелі?» – кажа Віталь Кавалёў.

Прыходзілі, з сітуацыяй знаёміліся, на шматлікія просьбы Віталя адказвалі ўсе профільныя арганізацыі і чыноўнікі – ад мясцовых да абласных. Ад праблемы прапаноўвалі ўцячы ў камерцыйнае, якое Віталю не па кішэні, жытло.

«У сувязі з адсутнасцю тэхнічнай магчымасці і доўгатэрміновай эксплуатацыяй канструктыўных элементаў ды інжынерных сетак жылога дому, магчымасці ўсталявання пандуса ці электрапад’ёмніку ля пад’езда, на драўляных лесвіцах і між паверхамі, не магчыма з захаваннем бяспекі», – гаварылася ў адказе з Гомельскага аблвыканкаму.

Зрабілі ж вонкавы пандус і пашырылі пад’езд – пасля скаргі Віталя ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Але на што, калі далей – драўляная лесвіца толькі для тых, хто можа нагамі падняцца на другі паверх бараку, збудаванага ў 1940 годзе?

Рэпартаж Юліі Цяльпук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 3 верасня

«Ды там моцны мужчына не справіцца, каб яго спусціць на ніз, каб ён пакатаўся, шпацыр зрабіў», – кажуць Аляксей і Валянціна, суседзі Віталя Кавалёва.

Сюды пасаваў вазок-трансформер на гусенічнай ленце тыпу «CaterWil GTS3». Прывозілі, тэставала асоба без адпаведнага навыку.

«Нават ніколі раней не бачачы такой каляскі, ён у яе сеў і падняўся, і зʼехаў, чалавек без навыку. Ёсць жа яшчэ мабільныя гусенічныя пад’ёмнікі. Яны ці робяць выгляд, што гэтага не ведаюць, ці папросту ніхто не хоча», – кажа Кавалёў.

Бачна, што дапамагчы спрабавалі, але як здараецца па краіне ў цэлым – уперліся ў вузкія заканадаўчыя межы, кажа кіраўнік Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

«Стары жыллёвы фонд, старыя дамы, таму шаблонныя метады аніяк не спрацоўваюць. Тыя прыёмы, якія спрацоўваюць у асобных выпадках, не прыменіш у цэлым. Патрабуюцца больш гнуткія рашэнні, якія будуць улічваць і зацікаўленасці мясцовых уладаў, і чалавека ў першую чаргу», – кажа Сяргей Драздоўскі з Офісу правоў людзей з інваліднасцю.

Магчымасць хадзіць Віталь Кавалёў страціў сем гадоў таму. Актыўную перапіску за безбар’ерныя ўмовы вёў два папярэднія гады. Некалькі месяцаў паклаў на гэтае – самастойнае вырашэнне.

«Калі чалавек доўгі час сядзіць удома, прыдумае што заўгодна, каб толькі выйсці на вуліцу. Ён не стары чалавек, ён поўны энергіі, хоча працягваць жыць актыўным жыццём», – кажа ягоная сяброўка Вольга.

Жанчына дапамагае абслугоўваць прыладу – лябёдка падымае сталёвы трос, каб узняць каляску з над падваконнем і перанесці звонку. Раскручванне катушкі і доўгачаканае прызямленне трывае каля хвіліны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»