Гісторык – пра тое, як трэба глядзець на забойства беларусаў Бурым


23 лютага 2019 года. Жыхары Гайнаўкі запальваюць свечкі каля помніка ахвярам вайны і рэпрэсіяў у Гайнаўцы падчас маршу «выклятых жаўнераў». Фота – Міхал Kосць/Forum

Нягледзячы на супраціў мясцовага савету і нават мэра польскага гораду Гайнаўка, там прайшоў марш памяці «выклятых жаўнераў». Арганізавалі яго крайне правыя арганізацыі: Нацыянальна-радыкальны лагер і Нацыянальная Гайнаўка. Штогадовае, сёлета – ужо чацвёртае па ліку шэсце, выклікала бурлівыя эмоцыі як унутры Польшчы, гэтак і за яе ўсходняй мяжой.

Марш прысвечаны памяці «выклятых жаўнераў». Гэтак у Польшчы называюць удзельнікаў антыкамуністычнага падполля, якія падчас Другой сусветнай вайны змагаліся як супраць немцаў, гэтак і супраць СССР ды працягнулі змаганне за Польшчу ў межах да 1939 года, пасля капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны. У змаганні з бальшавікамі адзін з атрадаў «выклятых жаўнераў» пад камандаваннем Рамуальда Райса з псеўданімам Буры здзейсніў масавае забойства 79-ці беларусаў, у тым ліку жанчын і дзяцей, з вёсак Зані, Шпакі ды Заляшаны на польскім Падляшшы.

«Іх вывелі, вось туды за вуліцу і забілі. Вярнуўся жаўнер і падпаліў дом, усё палыхнула. Людзі ўсе пападалі», – узгадвае жыхара вёскі Заляшаны.

Відэсаюжэт пра марш выклятых жаўнераў глядзіце ў поўным выданні навінаў за 23 лютага

Нягледзячы на тое, што польскі Інстытут нацыянальнай памяці назваў дзеянні атраду Бурага злачынствам з прыкметамі генацыду, арганізатары маршу называюць яго героем і змагаром за незалежную Польшчу, а марш праводзяць у падляскай Гайнаўцы, дзе большасць насельніцтва – этнічныя беларусы. Сярод якіх да сёння жывуць нашчадкі ахвяраў Бурага.

– Я хацеў ушанаваць памяць «выклятых жаўнераў».

– Усіх? І нават Райса «Бурага»?

– Так, усіх. Капітан «Буры» быў рэабілітаваны польскім судом у 1995 годзе. Таму для мяне гэтая справа закрытая.

Адначасова з маршам дзеля памяці «выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы збіраюцца і тыя, хто выступае супраць ухвалення спрэчных герояў. Частка «антымаршаўцаў», якія збіраліся прыехаць у Гайнаўку з Варшавы, не здолела гэтага зрабіць. Паліцэйскі кантроль заблакаваў выезд аўтобуса з групаю з Варшавы праз… адзін няспраўны рамень бяспекі.

«Гэта крыўда для сваякоў ахвяраў. Я меў магчымасць паразмаўляць з імі летась. Для гэтых людзей гэтыя ўспаміны ўсцяж жывыя і вельмі траўматычныя. Гэта мне не дазваляе пакінуць гэтую справу без увагі. Таму я тут», – кажа праціўнік правядзення маршу.

Два тыдні таму, у спаленую ў 1946 годзе вёску Заляшаны выправіўся старшыня савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч – тое быў першы візіт беларускага чыноўніка на гэтую зямлю. Не адмаўчалася і Міністэрства замежных справаў Беларусі, чарговы раз назваўшы марш «правакацыяй, якая мае на мэце ўзрост напружанасці паміж беларусамі і палякамі»

«Безумоўна, варта памятаць трагедыю 17 верасня, калі тыя ж самыя беларусы ішлі ды забівалі польскіх асаднікаў, і памятаць трагедыю, калі Буры прыйшоў у беларускую вёску і спаліў жыхароў. Але акцэнты павінныя ставіць гісторыкі, а грамадства, перш за ўсё, павіннае памятаць ахвяраў. І не казаць, што гэты быў герой ці гэты быў злачынец. Бо гэта раз’ядноўвае нашыя народы, а гэта не на карысць беларусам і палякам», – кажа гісторык Ігар Мельнікаў.

Польскія афіцыйныя асобы маршу не падтрымліваюць і ніколі ў ім удзелу не бралі.

Ігар Кулей, «Белсат»