Гістарычныя аб’екты задарма

Кіраўнікі дзевятнаццаці раёнаў Віцебскай вобласці вырашылі збыць з рук 89 будаўнічых аб’ектаў, якія яны за час свайго кіравання прывялі ў занядбаны стан. Пра два з іх у матэрыяле нашых карэспандэнтаў.

Вось гэты будынак, якому 120 гадоў, шукае ўласніка. Не сам шукае і не добраахвотна. Выглядае на тое, што мясцовыя ўлады хочуць збыць палац у Расонах, як непатрэбную рэч.

Напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя яго пабудаваў князь Станіслаў Гласка. Але пасля рэвалюцыі гаспадары былі вымушаныя з’ехаць у Польшчу. Мы запыталі ў месцічаў пра палац у Расонах і пра тое, ці варта яго каму набываць:

– Тут пан Глаcка жыў.

– Раней быў панскі дом, пасля Дом піянераў. Ну зараз, напэўна, кружкі піянерскія.

– Як думаеце, што ў ім тут можна рабіць? Ці знойдуцца ахвочыя ўзяць яго дарма?

– Наўрад ці, калі толькі пад музей, але гэта вялікія грошы.

– Ведаю, што ён даўно тут стаіць.

– А штосьці тут праходзіць?

– Не, ужо ўсё, ён разломаны стаіць. Я туды хадзіла ў кружок, але цяпер ужо ўсё.

– Не ведаю, я б яго лепш не брала, тут працы вельмі шмат.

Тое, што працы тут шмат, відаць адразу. За сто апошніх гадоў у палацы месціліся міліцыя, НКВД, турма, больніца, райвыканкам, дом састарэлых, райаддзел народнай адукацыі, дзіцячая турыстычная база, Дом піянераў. Пакуль будынак можна было скарыстоўваць без укладання грошай, дзяржава выкарыстоўвала яго.

– Калі патрэбны фінансы, то дзяржава не можа знайсці магчымасці гэты палац адрамантаваць, – кажа кс. Вячаслаў Барок, пробашч парафіі ў Расонах, – Калі будзе вяршэнства закону, то знойдуцца таксама якія мецэнаты, добрыя людзі, якія захочуць гэты Палац адрамантаваць і будзе ён выкарыстаны для агульнага дабра.

Агулам у Расонскім раёне – пяць аб’ектаў, якія ўлады гатовыя аддаць дарма, каб толькі знайшліся людзі, якія будуць у іх укладаць грошы. А вось у Глыбоцкім раёне сталіся непатрэбнымі адзінаццаць аб’ектаў, сярод якіх – будынак кляштару кармелітаў у Глыбокім, які мае гістарычна-культурную каштоўнасць.

У савецкі час тут быў цэх перапрацоўвання малака. Пасля будынак быў закінутым, і апошнія 30-40 гадоў у ім працякаў дах. Шмат хто лічыць, што калі б у свой час дах адрамантавалі, то будынак і сёння быў бы ў добрым стане.

– Аднавіць яго, умацаваць, канечне, можна, але гэта, хутчэй за ўсё, не на адзін мільён долараў укладанні, – адзначае краязнаўца Кастусь Шыталь.

Ён лічыць, што гістарычная забудова мае турыстычны патэнцыял і будынак кляштару кармелітаў можна было б выкарыстоўваць як гатэль ці кавярню.

– Калі аб’ект мае гістарычна-культурную каштоўнасць і мае значэнне для ўсяго народу, то дзяржава павінна нейкім чынам фінансава дапамагаць з тым, каб уласнік яго мог аднавіць і захаваць, – мяркуе краязнаўца.

На практыцы ж у Беларусі на магчымага інвестара будуць цяжарам класціся дадатковыя выдаткі, звязаныя з дакументацыяй і мноствам пагадненняў, якія б дазволілі прыступіць да рэстаўрацыі.

Ці варта пры існых уладах рабіцца ўласнікам гэткага цудоўнага скарбу, вызначайце самі.

Алёна Шабуня, Зміцер Лупач, belsat.eu

Глядзі таксама