«Гэта як не зажываючая рана». Два гады без Алеся Чаркашына


Калі ён граў на гітары свае песні, то замест медыятара браў у рукі патрон. Аднак гітара Алеся Чаркашына маўчыць ужо два гады: напярэдадні чарговай гадавіны смерці беларускага добраахвотніка ва Украіне ягоны бацька Мікалай прывёз з Кіева дзяржаўныя ўзнагароды сына «За абарону Данбасу».

«Для мяне асабіста нічога не змянілася, нібыта гэта было ўчора. Для мяне гэта будзе працягвацца да апошняга дня. Гэта як не зажываючая рана. Яна то зажыве, то памаўчала, то зноў – па-новаму пачынацца. Любое нагадванне аб ім – усё, унутры ўсё», – кажа Мікалай Чаркашын.

Летась на магіле Алеся Чаркашына ў вёсцы Камяніца Жыравецкая пад Берасцем адкрылі помнік, які складаецца з трох плітаў і сімвалізуе Бога, айчыну і служэнне. Бацька загінулага добраахвотніка кажа, што грошы на гэты помнік збіралі ўсёй краінай.

«Людзі проста будуць падыходзіць дзеля цікавасці, нават прыходзячы да сваіх сваякоў…падыходзяць, здзіўляюцца, асабліва таму факту, што ўсё па-беларуску напісана», – распавядае Мікалай Чаркашын.

І дадае, што родныя і сябры Алеся не забываюцца аб ім і рэгулярна прыносяць на магілу кветкі.

«З агульнымі сябрамі калі мы сустракаемся, рэдка бывае такое, каб мы не ўзгадалі пра яго. І гэта самая галоўная памяць, каб помнілі людзі», – кажа сябра Алеся Чаркашына Андрэй Любянчук.

Былы кіраўнік берасцейскай гарадской арганізацыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Алесь Чаркашын ваяваў на Данбасе на баку Украіны пад пазыўным «Тарас». 10-га жніўня 2015 года ён быў цяжка паранены ў баі і пасля некалькіх тыдняў, праведзеных у коме, памёр ва ўзросце 33-х гадоў.

Пасля смерці Алесь быў узнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны», а ў Кіеве ў памяць пра яго, як і пра іншага беларуса Міхаіла Жызнеўскага, паставілі мемарыяльны знак. Праз год пасля смерці Чаркашына «Белсат» выпусціў адмысловы фільм, прысвечаны герою.

Віталь Бабін, belsat.eu