Аб'ектыў 04.06.2017 «Гэта дзеля Алаха!»: сямёра забітых і ня менш за сорак пяць параненых


Тэракт – гэтак лонданскія праваахоўнікі акрэслілі напад у цэнтры брытанскай сталіцы. Сёння ўначы трое невядомых на фургоне ўехалі ў людзей на лонданскім мосце, а пасля напалі на наведнікаў бараў у раёне рынку «Бора». Нападнікаў затрымаць не ўдалося, паліцыя забіла іх на месцы.

Трое невядомых на белым фургоне ўехалі на ходнік лонданскага мосту, дзе збілі некалькіх мінакоў. Пасля – рушылі ў «Бора», комплекс бараў і рэстаранаў, дзе з нажамі нападалі на людзей, выкрыкваючы – «Гэта дзеля Алаха!». Напад, са словаў паліцыі – з першага паведамлення пра атаку да смерці тэрарыстаў – працягваўся восем хвілінаў.

«Я бачыў, як гэтыя тры асобы з чымсьці, што нагадвала бомбы на грудзях… Ня ведаю, як гэта назваць. Шчыра кажучы, гэта ня вельмі было падобна да сапраўднай выбухоўкі. Паліцыянт намагаўся іх спыніць, стаў паміж людзьмі і нападнікамі, тыя… Я ня ведаю, што яны ўвогуле хацелі зрабіць, – проста бегалі за людзьмі, у выніку ж іх атачыла паліцыя, і ў пэўны момант іх проста застрэлілі», – кажа сведка падзеяў.

Гэтак выглядалі апошнія хвіліны нападу. Лонданская паліцыя ўпершыню ўжыла адмысловы заклік ува ўсіх сацыяльных сетках і праз медыі: «Уцякайце, хавайцеся, паведамляйце» – кароткая інструкцыя на выпадак падобных тэрарыстычных атак. Пакуль ні адна з тэрарыстычных груповак не ўзяла на сябе

«Я разʼюшаны, што гэты баязлівы тэрарыстычны напад пацэліў у нявінных лонданцаў і нашых гасцей, што атрымлівалі асалоду ад суботняе ночы. Няма ніякага тлумачэння для такіх тэрарыстычных нападаў, і мы ніколі не дазволім ім перамагчы і не дазволім ім напалохаць наш горад або лонданцаў», – заявіў мэр Лондану.

Садык Хан.

Мясцовыя праваахоўнікі затрымалі 12 асобаў, якія могуць быць звязаныя з забітымі тэрарыстамі, а міністр унутраных справаў Вялікай Брытаніі не выключае, што лонданскі напад мае сувязь з атакаю тэрарыста-смяротніка два тыдні таму ў Манчэстэры. Паліцыя ўжо зазначала, што ў краіне працуе сетка фундаментальных ісламістаў. Улады Брытаніі кажуць пра патрэбу ў сурʼёзных пераменах.

«Мы бачым новы трэнд у тэрарыстычнай пагрозе. Тэрарызм спараджае тэрарызм, і выканаўцы натхняюцца на напады ня толькі пасля дакладна прапрацаваных планаў і гадоў рыхтавання. Гаворка нават не пра самотніка, што радыкалізаваўся праз сеціва. Яны проста капіююць дзеянні адно аднаго», – мяркуе прэмʼер-міністр Тэрэза Мэй.

Палітык заявіла, што ўрад, між іншага, возьмецца за барацьбу з экстрэмізмам у сеціве, узмоцніць свой удзел у барацьбе з «Ісламскаю дзяржаваю». Прэмʼер мусіць адказваць на хвалю крытыкі на фоне рыхтавання да парламенцкіх выбараў 23 чэрвеня – гэта ўжо трэцяя тэрарыстычная атака за апошнія тры месяцы. Але калі брытанскія палітыкі мусілі адрэагаваць на тэракт, то амерыканскі лідар у «Тўітэры» намагаўся выкарыстаць лонданскую трагедыю ў сваёй спрэчцы з мясцовымі судамі, якія не дазваляюць Трампу ўвесці абмежаванне на наведванне ЗША грамадзянамі шэрагу мусульманскіх краінаў.

«Мы мусім быць разумнымі, пільнымі і моцнымі. Суды мусяць вярнуць нам нашыя правы. Забарона на ўезд – неабходная, як дадатковая захада бяспекі», – заявіў кіраўнік ЗША Доналд Трамп.

На гэты момант пэўныя дэталі вядомыя толькі пра аднаго з нападнікаў. Апошнія тры гады ён з сямʼёй жыў у брытанскай сталіцы.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары