Генпракуратура Украіны: У расстрэльным спісе Расеі – 30 асобаў


Першы ў ім – Аркадзь Бабчанка, – паведаміў украінскі генпракурор. Не адмаўляе наяўнасці спісу і падазраваны ў арганізацыі забойства журналіста. Сёння Барыс Герман даў першыя паказанні ў судзе. Арыштаваны прызнаў, што меў замову на забойствы, але сцвярджае, што дзейнічаў, як агент украінскіх спецслужбаў.

Аркадзій Бабчанка быў «забіты» у аўторак, а ў сераду аказаўся жывы. Паводле Генпракурора Украіны, следства аб спробе забіць расейскага журналіста працягнецца не менш за паўгода, але не больш за год. Сабраных доказаў дастаткова, каб арыштаваць Барыса Германа, падазраванага ў арганізацыі забойства, і працягнуць з ім следства ўжо за кратамі. Там ён мусіць распавесці ўсю інфармацыю аб замоўніках няўдалага расстрэлу Бабчанкі ды астатніх 29-ці перабежчыкаў.

«Не вызначаная на гэты час дасудовым следствам асоба не пазней як 5 красавіка 2018 года прапанавала грамадзяніну Украіны Герману Барысу Львовічу за грошы арганізаваць тэрарыстычныя акты, перадаўшы яму спіс асобаў, якіх трэба было забіць. Грамадзянін Расейскай Федэрацыі Аркадзь Бабчанка быў у гэтым спісе», – заявіў пракурор Руслан Краўчанка.

Як прызнаўся ў судзе падазраваны, да яго сапраўды звярнуўся стары маскоўскі знаёмы Вячаслаў Піваварнік, які цяпер за грошы з фонду Пуціна нібыта арганізоўвае тэракты і беспарадкі для змены ўлады ва Украіне. І Герман, як сапраўдны патрыёт, нібыта адразу пайшоў здавацца ва ўнутраную контрвыведку Украіны, дзе дамовіўся з высокапастаўленым сакрэтным кіраўніком контрвыведкі Дзмітрыем. У СБУ не пайшоў, бо, кажа, там шмат варожых агентаў.

«З гэтым фактам я пазнаёміў кіраўніцтва ўнутранай контрвыведкі, бо я асабіста лічу, што гэта контрвыведвальная праца, а не праца СБУ. І контрвыведка дала мне магчымасць і паўнамоцтвы вывучаць іхныя сувязі», – заявіў падазраваны ў арганізацыі серыі забойстваў.

Пракурор на судзе ўдакладніў, што Дэпартамент контрвыведкі ўваходзіць у склад Службы бяспекі Украіны. На што Герман заявіў, што быў не ў курсе. На расстрэл Бабчанкі Барыс Герман атрымаў 40 тысяч долараў, з іх 30 тысячаў пайшло на кілера – былога ўдзельніка антытэрарыстычнай аперацыі Аляксея Цымбалюка.

«Калі ён абіраўся на гэтую ролю, усе добра ведалі, што ён адразу пабяжыць у СБУ і пачне гэта ўсё распавядаць, таму што іх там на фронце гэтаму навучылі. Таму мы дакладна ведалі, што будзе інсцэніроўка», – дадаў Барыс Герман.

Але навошта гэта трэба, калі Герман не давярае СБУ, падазраваны не патлумачыў. Менавіта дзякуючы Аляксею Цымбалюку і адбылася інсцэнізацыя забойства Бабчанкі, якая дазволіла выратаваць жыццё журналіста і атрымаць дадатковыя доказы, у тым ліку відэа перадачы грошай за забойства – і авансу, і ганарару за нібыта выкананую працу кілера.

«У следчай практыцы ёсць інсцэніроўка не толькі забойства, але і дачы хабару, і разбойнага нападу», – тлумачыць былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак.

У Крамлі заявілі, што няма ніякага фонду Пуціна на тэрарыстычную дзейнасць ва Украіне. Аднак у Кіеве ўзгадваюць іншыя палітычныя забойствы. Напрыклад, летась у сакавіку на бульвары Шаўчэнкі быў застрэлены Дзяніс Вараненкаў, былы дэпутат Дзярждумы, перабежчык, які меў важную інфармацыю аб дзеяннях Віктара Януковіча і Масквы супраць Украіны.

Яраслаў Сцешык; фота – Valentyn Ogirenko/Reuters/Forum