«Газпром» ужо не супраць Ермаковай


Да сённяшняга дня Надзея Ермакова «Белгазпрамбанк» узначальвала часова. Яна села ў крэсла Віктара Бабарыкі, які вызваліў яго, заявіўшы пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Часовая адміністрацыя з Ермаковай на чале ўвайшла ва ўстанову за тры дні да арышту Бабарыкі – 15 чэрвеня. Ужо ў лістападзе Лукашэнка дзякаваў прызначанай менеджарцы за звышпрыбыткі.

Ператрус у банку, ускрыццё асабістых ячэек кліентаў, канфіскацыю карцінаў больш як на 20 мільёнаў долараў і, як вынік, часовае кіраўніцтва на чале з Ермаковай акцыянеры з «Газпрому» назвалі рэйдарскім захопам. Цягам некалькіх месяцаў меркаванне змянілася.

«У пятніцу адбыўся савет дырэктараў, дзе яны змянілі сваё меркаванне і прагаласавалі за кандыдатуру Ермаковай. Відавочна, што паўплываць на пазіцыю «Газпрому» мог толькі Крэмль, мог толькі Уладзімір Пуцін. Відаць, у нядаўнім мінулым гэта і адбылося», – разважае старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Як лічыць эканаміст Сяргей Жбанаў, гэта звязана з тым, што напрыканцы снежня трэба было падпісваць дамову аб продажы газу на гэты год.

«Тады, калі вы памятаеце, быў прызначаны іншы чалавек часовым выканальнікам абавязкаў. Але, відаць, за гэты час, за гэты месяц, яны змаглі дамовіцца аб тым, што фігурай, якая задавальняе два бакі, будзе Надзея Андрэеўна», – кажа эканаміст.

«Белгазпрамбанк» дагэтуль застаецца на трэцім месцы паводле велічыні фінансавых актываў сярод банкаў, што працуюць у нашай краіне. Саступае ён толькі галоўным дзяржаўным: «Беларусбанку» і «Белаграпрамбанку». Таму ліквідацыя яму не пагражае.

«Сузаснавальнікі атрымліваюць свае даходы. Банк працуе, як кажуць, у нармальным рэжыме. А пры гэтым беларускія ўлады маюць пэўныя гарантыі, што цяпер гэтыя грошы цякуць туды, куды трэба, а не выкарыстоўваюцца не па прызначэнні», – мяркуе Сяргей Жбанаў.

Грошы ж шараговых кліентаў банку, не зважаючы на ўсе «рэйдарскія захопы», цяпер у бяспецы, мяркуе эканаміст. Прызначаны чыноўнік можа быць у пэўнай ступені гарантыяй стабільнасці ўстановы.

Надзея Бельская, «Белсат»