Газ, гранаты і зброя супраць пенсіянераў


Міліцыя брутальна разагнала Марш Пенсіянераў у Менску. Супраць людзей сталага веку сілавікі ўжылі петарды, пярцовы газ і шумавыя гранаты, таксама адзін з амапаўцаў страляў у людзей з траўматычнага пісталету. Перад гэтым Міністэрства ўнутраных справаў заявіла пра арганізаваныя групы баевікоў падчас мірных дэманстрацыяў. Намеснік міністра пагражаў ужываць баявую зброю.

Спачатку ў Менску прайшло некалькі лакальных акцыяў салідарнасці студэнтаў і выкладчыкаў. Мірны спеўны сход ля Лінгвістычнага ўніверсітэту мае сімвалічны характар і канкрэтныя патрабаванні.

Вось што кажуць студэнты Лінгвістычнага ўніверсітэту:

«Студэнты і ўся краіна супраць гвалту, хочам гэта спыніць. Хочам справядлівыя выбары, каб нас чулі».

«Мы жадаем чэсных выбараў. Мы за справядлівыя выбары, шчырую ўладу. Мы супраць фальсіфікацыяў».

«Першапачаткова мы хацелі ісці да рэктарату, выказаць свой пратэст супраць гвалту ўчора, але паверх зачынены, таму мы збіраемся тут».

Студэнтаў падтрымліваюць і выкладчыкі. Вось што яны кажуць:

«На тэрыторыі ВНУ мы можам выказваць сваё меркаванне. Студэнты яго выказваюць. А выкладчыкі стаяць побач, каб яны адчувалі падтрымку».

«Мы хочам быць разам, і быць тут, каб разумела нашая адміністрацыя, што мы чакаем ад іх дакладных адказаў, як яны будуць рэагаваць на гэта ўсё».

У Беларускім дзяржаўным універсітэце на мірныя акцыі салідарнасці сёння выйшлі біялагічны, журналісцкі і філасофскі факультэты. А студэнты Эканамічнага ўніверсітэту прайшлі па вуліцах Менску маршам. А потым па сталіцы прайшоў вялізны Марш пенсіянераў. Патрабаванні тыя самыя: спыненне міліцэйскага гвалту, адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў.

Каля дзвюх тысяч грамадзянаў сталага веку ішлі ад плошчы Незалежнасці ў бок Акадэміі навук.

Пры гэтым на шляху шэсця дзеялі людзі ў масках і цывільнай вопратцы, якія жорстка затрымлівалі прысутных маладых людзей. Адзін з асноўных лозунгаў шэсця – «прабачце, што мы маўчалі раней». Пенсіянеры абураюцца жорсткімі дзеяннямі міліцыі і садызмам, праяўленым пасля выбараў у жніўні. Каб Марш пенсіянераў не пашыраўся, улады закрывалі станцыі метро. Спрабавалі затрымаць журналістаў, але людзі іх адбівалі. Таксама Маршы пенсіянераў прайшлі сёння ў Горадні, Жодзіне, Лідзе і Гомлі, там таксама былі затрыманні.

Людзі абурыліся і спробамі працаўнікоў дзяржаўных СМІ зняць прапагандысцкія рэпартажы.

Каля галоўнага корпусу Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэту міліцыянты ўжылі супраць пенсіянераў святлошумавыя гранаты і слезацечны газ. Спатрэбілася хуткая дапамога. Незадоўга да Маршу пенсіянераў прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала заяву намесніка міністра. Генадзь Казакевіч папярэдзіў пра пагрозу каляровых рэвалюцыяў і паабяцаў, што міліцыянты з вуліцаў не сыдуць.

«Мы сутыкнуліся не проста з агрэсіяй, а з групамі баевікоў, радыкалаў, анархістаў, футбольных фанатаў. Спробамі паўтарыць падзеі пачатку жніўня… Працаўнікі Органаў унутраных справаў і вайскоўцы Ўнутраных войскаў у выпадку неабходнасці будуць ужываць спецсродкі і баявую зброю», – заявіў Генадзь Казакевіч.

У гэтую нядзелю Марш гонару ў Менску міліцыя разганяла святлошумавымі гранатамі, людзей жорстка збівалі, у тым ліку тых, хто не супраціўляўся. Вайскоўцы і спецназаўцы былі на бранятэхніцы, пагражалі людзям баявой зброяй. Некалькі чалавек атрымалі траўмы ад прыкладаў.

Падчас нядзельных акцыяў пратэсту ў розных гарадах Беларусі афіцыйна затрымалі больш за 700 чалавек. Міліцыянты налічылі не больш за 11 тысяч удзельнікаў. Праваабаронцы іх налічылі больш за 100 тысячаў толькі ў Менску, хоць міліцыя і ўнутраныя войскі не давалі людзям сабрацца ў адну групу. Ужывалі і вадамёты з фарбавальнікам.

Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі ў асобе некалькіх праваабарончых арганізацыяў запатрабаваў ад Следчага камітэту распачаць крымінальныя справы паводле часткі 3 артыкулу 426 – наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, што яўна перавышаюць ягоныя паўнамоцтвы і злучаныя з гвалтам, катаваннем і знявагай пацярпелага. Праваабаронцы звяртаюць увагу, што шматлікія збіцці не мелі ніякай законнай мэты і не ўжываліся для спынення правапарушэнняў. Тым больш у міліцыі не было права мэтанакіравана збіваць чалавека, які не супраціўляецца.

Напрыклад, вось гэта – Мікіта Домрачаў, родны брат біятланісткі Дар’і Домрачавай, алімпійскай чэмпіёнкі, якую не раз адзначаў і старшыня КДБ, і сам Аляксандр Лукашэнка. Мікіту разбілі галаву, падчас затрымання ён думаў, што аслеп. Прынамсі 16 чалавек учора з міліцэйскіх пастарункаў забіралі машыны хуткай дапамогі. Таксама дапамога медыкаў спатрэбілася непасрэдна на вуліцах. Беларусы адказалі на рэпрэсіі вечаровымі акцыямі пратэсту ў сябе на раёнах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»