Гарантыі бяспекі для Лукашэнкі


Спробы дыялогу з дзейнай уладай працягваюцца. Святлана Ціханоўская заяўляе пра гарантыі недатыкальнасці для Лукашэнкі, калі ён сыдзе ў адстаўку сам. Дзейная ж улада працягвае сваю палітыку: пераследуе чальцоў Каардынацыйнай рады і абвінавачвае Марыю Калеснікаву ў пагрозе нацыянальнай бяспецы.

Калі Лукашэнка сыдзе добраахвотна і мірна, ён атрымае гарантыі бяспекі – заявіла былая кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская. І зазначыла, што ў гэтым пытанні будзе ўлічвацца меркаванне ўсіх людзей. А што думаюць на гэты конт беларусы?

«Я лічу, што ёсць сэнс, галоўнае – што ён яго не прыме. Таму гэты сэнс проста павісне ў паветры – вось і ўсё».

«Мы за столькі гадоў выхаваныя як мірныя людзі. У гэтым раскладзе, калі Лукашэнка сыдзе мірным шляхам і будзе мірная перадача ўлады, канечне, я згодны. Таму што галоўнае цяпер у Беларусі – не дапусціць кровапраліцця».

«Калі Ціханоўская прапанавала, я ёй давяраю, няхай. Вось каго дакладна нельга выпускаць з краіны – дык гэта Караева. Вось яго нельга. А Лукашэнка – няхай на ўсе чатыры бакі. Пакінь нас у спакоі».

«Мне здаецца, было б справядліва, калі б быў справядлівы суд, які б прыняў рашэнне. Але народ не можа гэтага дараваць у сваім сэрцы. Ніколі», – гавораць жыхары Менску.

Аляксандр Лукашэнка – нелегітымны прэзідэнт, кажа Вольга Кавалькова, а таму павінен сам сысці ў адстаўку. Калі ж ёсць доказы парушэння заканадаўства з ягонага боку – мусіць несці адказнасць, гэтак сама, як і любы іншы грамадзянін.

«Чалавек павінен адказваць адпаведна з дзейным заканадаўствам перад незалежным судом. І калі ён парушыў, калі ён зрабіў злачынства – павінен адказваць. Гэта датычыць усіх – незалежна ад таго, якую пасаду чалавек займае. Гэта павінна быць і сёння ў беларускім грамадстве, і надалей у дэмакратычнай прававой дзяржаве, якую мы будуем» – сцвярджае чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

«Пераможцы не павінныя займацца пераследам прайграўшых як сваё галоўнай задачай, іначай грамадства ніколі не выйдзе з канфлікту. Прыклад таго, як трэба сябе паводзіць пераможцам, паказваюць падзеі ў Іспаніі пасля смерці Франка. Калі тыя, хто прыйшоў да ўлады, адмовіліся рабіць пераслед франкістаў істотным элементам сваёй палітыкі», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Тым часам сяброўцы прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай следчыя сёння выставілі абвінавачанне – публічныя заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Яна застаецца пад вартай.

«Тыя рэпрэсіі, якія ажыццяўляюцца ў дачыненні Каардынацыйнай рады, паказваюць, што гэта асноўная сіла, якой сёння баіцца Лукашэнка, бо падтрымкі ў яго няма, а Каардынацыйную раду падтрымліваюць большасць беларусаў», – упэўненая Вольга Кавалькова.

Фактычна разгромленая Каардынацыйная рада працягвае працаваць, і паводле Ціханоўскай, у найбліжэйшы час прэзентуе план далейшых дзеянняў.

«Каардынацыйная рада робіць тое, што можа рабіць, а рэальна яна можа рабіць няшмат. Таму хутчэй за ўсё перамога застанецца за ўладаю, але гэта часовая перамога», – перакананы Сяргей Нікалюк.

Застацца ў мінулым, на думку эксперта, перашкодзяць змены, якія адбылІся ў беларускім грамадстве.

Анастасія Русецкая, «Белсат»