Аб'ектыў 28.07.2018 Гамяльчук праехаў на ровары 10 000 км


Гомель, цэнтральная плошча Леніна і амаль ганаровы картэж! Гэтак актывісты руху «ВелаГомель» сустракалі свайго сябра – вандроўніка Сяргея Рабко. Ён вярнуўся з Уладзівастоку.

«Мы назіралі цягам усяго маршруту, як Сяргей ехаў па Расеі, пераймаліся за яго. Каб яго там не пакрыўдзілі, каб яму там дапамагалі расейцы. Мы ведалі, дзе і калі ён едзе, і, калі мы даведаліся, што ён ужо ў Навазыбкаве, мы звязаліся і дамовіліся, каб сустрэць», – кажа Святлана Кароль-Драгунцова з руху «ВелаГомель».

Агулам у 27-мігадовага вандроўніка вельмі амбіцыйны план – праехаць 100 тысячаў кіламетраў за пяць гадоў! Амаль палова ўжо за плячыма.

«Пачаў я свой шлях 13 снежня 2017 года, стартануў з Гомля, паехаў «Бла-блакарам» да Масквы і з Масквы палацяў яшчэ з двума чалавекамі ў Бангкок», – распавядае Сяргей Рабко.

Пасля Бангкоку быў Тайланд, Малайзія, Сінгапур, Інданезія – Джакарта, і ўжо толькі адтуль самалётам гомелец апынуўся ўва Уладзівастоку.

Уся роварная вандроўка з вяртаннем у Беларусь атрымалася працягласцю каля 20 тысячаў кіламетраў. Дзесяць з якіх па Расеі. Ну і як тут не згадаць пра тамтэйшыя дарогі!

«Дарогі ў Расеі, кажуць, дрэнныя, але агулам яны лепшыя за сярэднія. На Далёкім Усходзе суперкласныя дарогі. Я, можа, яшчэ раз праеду з Хабараўску да Чыты», – кажа вандроўнік-раварыст.

За час усіх сваіх вандровак раварыст праехаў ужо больш чым 45 тысячаў кіламетраў. Аднак доўга заставацца ў родным горадзе, дзе жыве маці ды сваякі, а таксама чакае праца ў інтэрнэт-краме, Сяргей не збіраецца.

«Я ўжо не магу, як раней, прасядзець за кампом 12–13 гадзінаў, таму я праз тыдзень еду ў Менск адкрываць візу і ехаць з Гомля да Лісабону», – дзеліцца планамі на будучыню Сяргей.

Што ж да далейшых планаў, то яны яшчэ больш амбітныя – скарыць на ровары не толькі маршрут Лісабон-Уладзівасток, але і ўвогуле ўвесь свет.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары