Галоўныя канкурэнты Лукашэнкі ў прэзідэнцкай кампаніі ўдзельнічаць ня будуць


Толькі ў апошні дзень – з дзесяці, адведзеных заканадаўствам, – Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала кандыдатаў на прэзідэнцтва. Ні ў кога не выклікала сумневаў толькі кандыдатура Аляксандра Лукашэнкі, адносна ягоных галоўных канкурэнтаў інтрыга заставалася да апошніх хвілінаў.

Аляксандра Лукашэнку Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў без адзінай заўвагі, на галоўную дзяржаўную пасаду ён прэтэндуе шосты раз. Ягонаму галоўнаму канкурэнту Віктару Бабарыку, які цяпер за кратамі, у рэгістрацыі адмовілі. Кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі ягонае зняцце з далейшага ўдзелу пракаментавала гэтак.

«Улада настолькі слабая, што, не зважаючы на тое, што альтэрнатыўныя кандыдаты знаходзяцца ў турме і не могуць весці выбарчую дзейнасць, спалохалася і не дапусціла Віктара Бабарыку да выбарчага працэсу», – заявіла кіраўніца штабу Марыя Калеснікава.

Прадстаўнікі штабу Віктара Бабарыкі заяўляюць, што будуць звяртацца ў суд. Гэтаксама, як і чальцы каманды Валерыя Цапкалы, якому таксама адмовілі ў рэгістрацыі з прычыны нібыта недастатковай колькасці сабраных галасоў. Затое пасведчанне кандыдата на прэзідэнцтва атрымала Святлана Ціханоўская – жонка блогера і палітвязня Сяргея Ціханоўскага.

«Супярэчлівыя пачуцці, але больш радасці, бо я змагу далей змагацца за сужэнца і за людзей Беларусі», – кажа Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская падзякавала за падтрыманне яшчэ аднаму зарэгістраванаму кандыдату, Андрэю Дзмітрыеву, які падчас прамовы ў Цэнтрвыбаркаме заклІкаў вызваліць усіх палітвязняў. Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Чэрачэнь, які таксама атрымаў пасведчанне кандыдата на прэзідэнцтва, заявілі аб магчымасці перамоваў пра аб’яднанне сілаў для далейшай выбарчай кампаніі.

«Справядлівыя выбары ў нашай краіне сённ, практычна немагчымыя. Але мы знаходзімся ў той сітуацыі, калі мы не павінны апускаць рук, мы павінны перабудавацца, аб’яднацца і знайсці ў сабе сілы, каб змагацца з той сістэмай, якая выбудаваная за 26 гадоў», – заяўляе Сяргей Чэрачэнь.

«Будзем весці перамовы, паглядзім, як гэта можа быць, якія могуць быць формы. Я таксама разумею, што яшчэ рана ставіць кропку адносна Бабарыкі і Цапкалы, бо яны яшчэ пойдуць у суд», – кажа Андрэй Дзмітрыеў.

Яшчэ адна зарэгістраваная кандыдатка, Ганна Канапацкая, называе сябе і Лукашэнку адзінымі сурёзнымі палітыкамі ў гэтай кампаніі, але наракае на свайго канкурэнта.

«Сёння я бачу толькі аднаго суперніка: дзейнага прэзідэнта, таму, што ў яго дастаткова адміністрацыйнага рэсурсу, якім ён карыстаецца ў парушэнне дзейнага заканадаўства» – сцвярджае Ганна Канапацкая.

Адмыслоўцы заяўляюць, што гэтая выбарчая кампанія дагэтуль не была падобная ні на адну з усіх папярэдніх. А вынік прэзідэнцкай гонкі будзе залежыць ад умення кандыдатаў дамаўляцца паміж сабой.

«Зразумела, што ідэальны варыянт быў бы, калі б чатыры кандыдаты аб’ядналіся, вылучылі аднаго, а астатнія зняліся. І калі б у бюлетэні быў Андрэй Дзмітрыеў ці Сяргей Чэрачэнь, то я не выключаю, што Лукашэнка нават ім бы прайграў. Але гэты сцэнар малаверагодны, бо Канапацкая ўжо заявіла, што не будзе здымацца ў чыюсьці падтрымку, таму я гэты сцэнар ацэньваю не вельмі высока», – падсумоўвае палітолаг Валеры Карбалевіч.

Агітаваць за кандыдатаў на прэзідэнцтва можна адразу пасля іхнай рэгістрацыі. А ўжо праз два тыдні распачнецца датэрміновае галасаванне.

Галіна Абакунчык, «Белсат»